Нам цяжка змірыцца з думкай, што мы не можам дапамагчы сыну. Мы бездапаможныя.
Бацька Пачобута: Калі Анджэя арыштавалі, яго сын меў рост 120 сантыметраў. Сёння — 190
Зараз палітзняволены журналіст ізноў знаходзіцца ў ізаляцыі.
Пра гэта ў размове з польскім парталам WP Wiadomości (пераклад Беларуская асацыяцыя журналістаў) распавёў бацька Анджэя Пачобута. Апошні ліст ад сына Ванда і Станіслаў Пачобуты атрымалі напярэдадні Калядаў.
У інтэрв’ю Станіслаў Пачобут кажа, што сям’я мела вялікі спадзеў на тое, што ў снежаньскай групе вызваленых акажацца і Анджэй Пачобут:
— Мы хутка прачыталі ў інтэрнэце, што яго там няма. І на душы стала вельмі горка. У лістападзе 2025 года Польшча ж адкрыла памежны пераход у Баброўніках, які быў закрыты пасля прысуду нашаму сыну. Мы думалі, што гэта станоўча паўплывае на лёс Анджэя. Але зноў не атрымалася.
Мы з жонкай засталіся ўдваіх, нам ужо нямала гадоў. Мы амаль нікуды не выходзім. Хіба што на шпацыр вакол дома, але цяпер моцна засыпала снегам. І што рабіць? Мы літаральна сядзім і глядзім у акно. Кожны дзень — трывога.
Часам думаю, што калі Анджэй быў маленькім хлопчыкам, мы як бацькі маглі пра яго паклапаціцца. А што мы можам зрабіць для яго цяпер? Нічога.
Бацька журналіста скептычна ставіцца да ўдзелу ЗША ў перамовах наконт вызвалення Анджэя: «Шмат шуму, але ў асноўным для газет і тэлебачання. Гэты шум не прыносіць аніякіх вынікаў. Увесь клопат перадалі пану з‑за акіяна (…).
З боку ЗША няма вялікіх намаганняў дзеля вызвалення Анджэя. Ён для іх не мае значэння. Ёсць вялікая палітыка і «маленькі» чалавек. (…) Міністр замежных спраў (Польшчы) Радаслаў Сікорскі — вядомы палітык, ездзіць па свеце, стараецца вызваліць Анджэя. І што? Нічога з гэтага не атрымліваецца.
Як я казаў, гэта вялікая палітыка. Анджэй тут — маленькае гарошына. Дробная манета, якой разлічваюцца ў краме. Вінцік у велізарнай машыне. Лукашэнка кіруе ў сваёй краіне, і мала хто можна з гэтым штосьці зрабіць.
Станіслаў Пачобут не ведае, ці насамрэч Анджэй адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, як паведамляў шэраг рэсурсаў, але «мы не верым, што Лукашэнка цяпер нешта прапаноўваў Анджэю»: «А калі б нават прапанова з’явілася, сын усё адно не прыняў бы яе. Ён не здрадзіў бы сваім ідэалам».
— Мы ведаем, якая пазіцыя Анджэя. Што б ён ні вырашыў, мы гэта прымем і будзем яго падтрымліваць. Як я ўжо шмат разоў казаў, я вельмі ганаруся сваім сынам.
Калі б я яго ўбачыў, я стаў бы перад ім на калені з захапленнем ад таго, якую пазіцыю ён заняў. Ад яго ўпартасці.
Хаця не раз у мяне з’яўлялася думка, што цана, якую ён плаціць за свае ідэалы, занадта высокая. Гэта ж усё яго жыццё. Калі Анджэя арыштавалі, яго сын меў рост 120 сантыметраў. Сёння — 190, — сказаў Станіслаў Пачобут.
Станіславу — 83 гады, Ванда на год маладзейшая.
— Наша надзея — як марскія хвалі. Час ад часу бываюць прылівы і адлівы. Часам здаецца, што Анджэй вось-вось выйдзе з турмы. А потым зноў надыходзіць адліў і настае цішыня. Усё гэта вельмі няўстойліва. Нам вельмі цяжка. Усе нашы думкі круцяцца вакол Анджэя.
Мы з жонкай прымаем заспакаяльныя сродкі. Я стараюся «выходжваць» страх за сына. Штодня раблю 10 тысяч крокаў у маленькай кватэры і адчуваю сябе як звер у клетцы. Жонка штодня зазірае ў паштовую скрыню — ці не прыйшло нешта ад Анджэя.
Калядны ліст
Апошні ліст ад Анджэя датаваны 23 снежня. Вось вытрымкі з яго:
«Дарагія мама і тата, у мяне ўсё стабільна. Настрой добры, паволі пачынаю адчуваць перадсвяточную атмасферу. Усё праз радыё. Вядома, гэта не станцыя, дзе ўвесь час гучаць заходнія калядныя песні.
Памятаю, як у мінулым годзе (на Каляды) я заплюшчваў вочы, і мне на хвіліну здавалася, што я ў польскай краме, дзе гучыць святочная музыка. Беларускае радыё — гэта, наадварот, савецкая настальгія […]. Шкада, што тут забароненыя замежныя мовы. Я б падцягнуў англійскую, а так чытаю вершы […]. Вось такія ў мяне цяпер справы і думкі.
Пятніца на гэтым тыдні была выходным днём, але субота — працоўнай, таму я вырашыў адправіць вам гэты ліст у сераду. Чакаю навін ад вас. Спадзяюся, што вашыя святы будуць спакойныя. Думкамі я з вамі і буду з вамі таксама за святочным сталом. Абдымкі. З любоўю. Анджэй».
— Псіхалагічна сын у добрай форме. Мы з жонкай лічым, што ў гэтым сэнсе яго немагчыма зламаць. Пытанне ў тым, як ён адчувае сябе фізічна. Ён важыць каля 70 кілаграмаў. Але мы нават не ведаем, ці атрымлівае ён патрэбныя лекі.
Мы можам толькі спадзявацца, што ён вытрымае турэмныя ўмовы.Паводле нашай інфармацыі, Анджэй зноў знаходзіцца ў ізаляцыі. Гэта маленькая турма ў турме, — распавёў Станіслаў Пачобут. —Ён напісаў нам у лісце, што рады, што іншыя выйшлі на волю.
Ён вельмі шмат чытае — гэта для яго паратунак. Дзякуючы літаратуры час неяк ідзе, ён можа рухацца наперад. (…) Зразумела, у турме існуе цэнзура, таму ён не можа перадаць усё.
Да таго ж, калі з Анджэем адбываецца нешта дрэннае, ён дзеліцца гэтым з жонкай, а нас стараецца берагчы. Мы таксама пішам яму, што ў нас усё добра і што мы здаровыя. Трошкі мы ўзаемна падманваем адно аднаго. Але робім гэта з любові.
Паводле Станіслава Пачобута, у саміх бацькоў сітуацыя са здароўем цяжкая:
— Я паступова губляю зрок. Праўда, на камп’ютары можна павялічыць літары, але сітуацыя дрэнная. У мяне цяжкая форма дыябету. Гэта ў нас сямейнае — і бацька, і маці таксама хварэлі. Праз хваробу ў мяне сур’ёзныя праблемы з нагамі.
Я трымаюся дзякуючы жонцы. Яна бегае вакол мяне, раніцай і ўвечары закапвае вочы, сочыць, каб я прымаў усе таблеткі. Нават калі б я хацеў, не змог бы ўхіліцца. У Ванды характар як у Анджэя — яна нязломная. Але хопіць пра здароўе, бо жонка мяне штурхае і кажа, што я занадта сябе шкадую. Без яе я б цалкам разваліўся. Што мы можам зрабіць?
Мы стараемся зноў разбудзіць у сабе веру, што Анджэй калі-небудзь будзе на волі. Бо нічога ж не доўжыцца вечна.
Бацькі зычаць Анджэю ў 2026‑м «волі, здароўя і таго, каб ён заставаўся такім жа шляхетным, годным чалавекам», а сабе Станіслаў жадае, каб «паспець убачыць Анджэя, перш чым я цалкам страчу зрок».
Читайте еще
Избранное