«Беларусь апошнія 10 гадоў займае першае месца ў свеце па алкагольнай смяротнасці»

Псіхіятр Уладзімір Пікірэня у новым выпуску жыццё-маліна — пра тое, чаму беларусы ўжываюць алкаголь, і што трэба зрабіць, каб змяніць сітуацыю.

Уладзімір Пікірэня, фота: скрыншот з відэа

Беларусь упэўнена апошнія 10 гадоў займае першае месца ў свеце па алкагольнай смяротнасці, — кажа лекар.

Паводле Уладзіміра Пікірэні, у Беларусі паўночны стыль ужывання алкаголю і вялікая колькасць моцнага алкаголю, які наносіць істотна больш шкоды для арганізму, чым лёгкі.

— Адпаведна, і смяротнасць вышэйшая.

Адказваючы на пытанні Мікіты Мелказёрава, што дзяржава робіць з гэтым, лекар адзначыў:

— Па вялікім рахунку — нічога. Калісьці былі ўведзеныя абмежаванні на знаходжанне алкагольных крамаў каля школ. Былі намаганні забараніць начны продаж алкаголю, але яго адмянілі літаральна на наступны дзень пасля таго, як увялі.

Пры тым, што над гэтымі зменамі сумесна працавалі міністэрства аховы здароўя і МУС — таму што гэта два зацікаўленыя у гэтым пытанні ведамствы. А Лукашэнка зацікаўлены, відаць, у іншым. Таму, па вялікім рахунку, нейкая мэтанакіраваная алкагольная палітыка зараз у Беларусі не праводзіцца.

Ёсць людзі, якія зацікаўленыя ў максімальнай колькасці грошай, а алкаголь — гэта добрыя грошы, якія атрымліваецца хутка зарабіць, таму што тэхналогія вырабу алкаголю нескладаная, грошы хуткія, вось, ты прадаў гэты алкаголь і атрымаў іх.

А ўсе выдаткі, якія ідуць на змаганне з праблемамі спажыцця алкаголю, кладуцца на агульнадзяржаўны бюджэт, на ўсіх беларусаў.

Інтарэсы людзей, якія маюць уплыў на фармаванне дзяржаўнай палітыкі, на прыняцце рашэнняў лабіруюцца з большай інтэнсіўнасцю, з вышэйшай эфектыўнасцю, чым інтарэсы простых людзей.

Уладзімір Пікірэня лічыць, што беларусы п’юць, таму што алкаголь даступны, танны, ёсць культура падтрымкі алкаголю.

На думку лекара, сітуацыю можа змяніць змяншэнне даступнасці алкаголю, абмежаванне колькасці кропак прадажы алкаголю на колькасць насельніцтва, абмежаванне начнога продажу алкаголю, а таксама больш выражаная залежнасць кошту на алкаголь ад яго моцы: чым мацнейшы, тым даражэйшы.

— І ўвогуле алкаголь павінен стаць больш дарагі, — мяркуе Пікірэня