І я думаю, што ў залежнасьці ад таго, у які бок схіліцца палітычны ківач, колькасьць спробаў незаконных перасячэньняў літоўскай мяжы альбо рэзка павялічыцца, альбо застанецца на нізкім узроўні.
Чаму зьменшыўся міграцыйны паток у бок Польшчы і Літвы, але павялічыўся — у бок Латвіі?
Былы дыплямат Павел Мацукевіч тлумачыць у інтэрв’ю на Радыё Свабода.
За першыя два тыдні лістапада Польская памежная служба зафіксавала 328 выпадкаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі. Гэта — найменшая колькасьць парушэньняў мяжы за першую палову месяца, пачынаючы зь сёлетняй вясны.
Таксама для параўнаньня: у лістападзе 2022 году было зафіксавана больш за 2000 парушэньняў мяжы Польшчы з боку Беларусі, у лістападзе 2023 году — каля 1500, у лістападзе летась — каля 1000.
17 лістапада сёлета Польская памежная служба не зафіксавала ніводнага нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі.
Стабілізацыю сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю канстатавала і МУС Польшчы.
«Усяго некалькі тыдняў таму рэгістравалася да 100 спробаў парушэньняў у дзень. Цяпер часьцей за ўсё гэта некалькі спробаў у дзень або дзясяткі спробаў», — паведаміла польскае Міністэрства ўнутраных спраў.
У сваю чаргу літоўская памежная служба за два тыдні лістапада не зафіксавала ніводнага нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі.
Пры гэтым памежнікі Латвіі зафіксавалі за 14 дзён лістапада 430 спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, за два тыдні лістапада летась беларуска-латвійскую мяжу спрабавалі нелегальна перасекчы 190 парушальнікаў.
Гэтыя лічбы каментуе былы дыплямат, аналітык Цэнтру новых ідэяў Павел Мацукевіч.
— Я думаю, што надвор’е можа ўплываць на колькасьць спробаў мігрантаў штурмаваць межы, у халодную пару года гэтая колькасьць зьніжаецца. Але мяркую, што ў дадзеным выпадку істотны ўплыў аказвае і палітычны «клімат», дынаміка адносінаў з Польшчай і Літвой.
Улады Беларусі на працягу некалькіх гадоў заяўляюць, што яны зьнялі зь сябе абавязаньні спыняць спробы нелегальных перасячэньняў межаў Беларусі з краінамі Эўразьвязу. Але ў асобных выпадках яны ўсё ж такі вяртаюцца да выкананьня сваіх абавязаньняў, хаця, як бачым, часова і выбарачна.
— А чым абумоўлены выбар? Польшча робіць крокі насустрач Менску, адчыняе памежныя пераходы. Зь Літвой — востры канфлікт. Але міграцыйны паток зьнізіўся ў абедзьве гэтыя краіны. І пры гэтым ён павялічыўся празь мяжу з Латвіяй, зь якой няма ні канфлікту, ні крокаў насустрач.
— З Польшчай, сапраўды, матывацыя зразумелая. У Літвы Менск намацаў ахілесаву пяту, заблякаваўшы выезд літоўскіх грузавікоў. І мы бачым, што гэты канфлікт уступіў у перамоўную фазу. Сёньня адбываюцца беларуска-літоўскія перамовы на ўзроўні намесьнікаў кіраўнікоў памежных службаў.
Што тычыцца Латвіі, то варта заўважыць, што на тэрыторыі Беларусі прысутнічае немалая колькасьць замежных грамадзян, мэта якіх — трапіць празь Беларусь у краіны ЭЗ. Цяпер, для іх, вобразна кажучы, закрытыя літоўская і польская межы. І закрытыя яны беларускімі ўладамі з прычыны цяперашніх палітычных адносінаў Менску з Варшавай і Вільняй.
І гэтым людзям не застаецца іншага выйсьця, як спрабаваць трапіць у ЭЗ праз мяжу з Латвіяй.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное