Цыганкоў: «З кім вы збіраецеся размаўляць? З чалавекам, злачынствы якога разглядаюцца ў Гаазе?»

Палітычны аглядальнік — пра новыя рэаліі для Лукашэнкі.

— Навіна пра тое, што Міжнародны Крымінальны суд у Гаазе пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі, як мне падаецца, засталася трошкі недаацэненай і непрааналізаванай, — піша Віталь Цыганкоў. — Маўляў, пачаў і пачаў.

Віталь Цыганкоў

Але на самой справе гэта стварае зусім іншую палітычную атмасферу – як мінімум. А як максімум – істотна мяняе расклад.

Варта задацца пытаннем, як гэта паўплывае на міжнародны імідж Лукашэнкі і ягоныя магчымасці весці нейкія перамовы з замежнымі палітыкамі.

Напрыклад, для адміністрацыі Трампа гэта, хутчэй за ўсё, не мае істотнага значэння, і ідэалагічна, і фармальна-юрыдычна – бо ЗША не ўдзельнічаюць у працы МКС і не прызнаюць ягоную юрысдыкцыю.

Аднак для еўрапейскіх краінаў гэта ў маральна-палітычным сэнсе даволі важны чыннік. Уявіце сабе, як па-іншаму зараз выглядаюць перспектывы нейкага «дыялогу», «дамоўленасцяў» з Лукашэнкам для еўрапейскіх палітыкаў.

Калі ўявіць, што нехта з іх раптам выйдзе на нейкія рэальныя перамовы з кіраўніком Беларусі, то як на гэта адрэагуюць прэса і палітычныя колы і гэтай краіны і ў цэлым Еўропы? З кім вы збіраецеся размаўляць? З чалавекам, злачынствы якога разглядаюцца ў Гаазе?

Гэта паўплывае і на маршруты замежных паездак Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку на нейкія міжнародныя форумы. Цяпер ён, напэўна, не рызыкне паляцець у тыя краіны, якія прызнаюць юрысдыкцыю МКС, у тым ліку нееўрапейскія.

Бо нават у Пуціна, кіраўніка ядзернай дзяржавы, падчас ягоных замежных візітаў нярэдка ўзьнікаюць праблемы, у сувязі з ордэрам на ягоны арышт, які быў выдадзены МКС яшчэ ў 2023 годзе.

І асобна цікава, што будзе з адносінамі Менску з Літвой, якая і падала гэтую справу супраць Лукашэнкі ў МКС. Здаецца, пра магчымасьць транзіту калія праз Клайпеду можна проста забыцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)