Да 3000 рублёў, «высокія прэміі». Колькі гатовыя плаціць ідэолягам прыватныя і дзяржаўныя кампаніі
Ідэолягу прапануюць заробак у 2,3 раза большы, чым вядучаму інжынэру. Каго бяруць на такія пасады і чым яны займаюцца, піша Радыё Свабода.
На сярэдзіну верасьня ў беларускай агульнадзяржаўнай базе вакансіяў было 76 вольных месцаў для ідэолягаў. Пасьля рашэньня ўладаў прызначаць ідэолагаў і ў прыватныя кампаніі такіх спэцыялістаў шукаюць таксама камэрцыйныя структуры. Застаюцца адкрытымі ідэалягічныя вакансіі і ў дзяржаўных арганізацыях.
Напрыклад, ідэолягу ў Белгідрамеце (які займаецца, сярод іншага, прагнозамі надвор’я) абяцаюць да 3100 рублёў на месяц.
Пасада называецца «намесьнік кіраўніка па ідэалягічнай працы», ад прэтэндэнтаў патрабуюць 5 гадоў досьведу і вышэйшую адукацыю.
Гэтая ж арганізацыя шукае вядучага інжынэра. Яму гатовыя плаціць да 1300 рублёў на месяц, ці ў 2,3 раза менш, чым ідэолягу.
Інжынэру-сыноптыку прапануюць яшчэ менш — да 1200 рублёў.
Прыватнае віцебскае прадпрыемства «ПраМеханіка» таксама шукае намесьніка дырэктара па ідэалягічнай працы. Абавязкі:
- плянаваньне вытворчасьці;
- кантроль выкананьня тэрмінаў выпуску і якасьці выпушчанай прадукцыі;
- кіраваньне пэрсаналам;
- работа з замоўцамі
Абяцаюць 2500 рублёў на месяц і «высокія прэміі за добрыя вынікі працы». Ад кандыдата патрэбныя вышэйшая адукацыя і досьвед такой працы, ня меншы за 3 гады.
Электраэразіяністу ў гэтай жа кампаніі прапануюць на 500 рублёў менш.
Мабільны апэратар МТС таксама шукаў вядучага спэцыяліста ў ідэалягічнай працы, такая вакансія зьявілася на партале «Минск Бизнес».
Патрабуюць трохгадовага досьведу, веданьня нарматыўна-праўнай базы ідэалягічнай працы, досьведу распрацоўкі карпаратыўных праграмаў і прэзэнтацыяў у кірунку «ідэалёгія», навыку публічных выступаў, здольнасьці пераконваць. Заробак не пазначаны.
Таксама ідэолягаў шукаюць школы, лясгасы, аздараўленчыя цэнтры, санаторыі, каледжы. Заробкі ад 1500 да 3000 рублёў.
Чаму спатрэбілася столькі ідэолягаў
Сёлета 9 красавіка выйшла дырэктыва Лукашэнкі «Аб рэалізацыі асноваў ідэалёгіі беларускай дзяржавы». Згодна з гэтым дакумэнтам, ідэалягічная праца мусіць весьціся на ўсіх прадпрыемствах незалежна ад формы ўласнасьці.
Адна з мэтаў гэтага дакумэнту — павысіць якасьць ідэалягічнай працы. Сярод асноўных яе задач называюцца:
- Тлумачэньне і практычнае прымяненьне ідэалёгіі беларускай дзяржавы
- Дасягненьне разуменьня і шырокай падтрымкі беларускім насельніцтвам беларускай мадэлі грамадзкага разьвіцьця
- Выхаваньне патрыятызму, у тым ліку як гатоўнасьці кожнага грамадзяніна абараняць інтарэсы дзяржавы, канстытуцыйны лад і тэрытарыяльную цэласнасьць
- Умацаваньне станоўчага міжнароднага іміджу краіны
Арганізоўваць ідэалягічную працу прапануецца з апорай на «прызнаньне ўнікальнасьці беларускай мадэлі грамадзкага разьвіцьця».
«Смачная пасада»
На пасады ідэолягаў набіраюць былых сілавікоў, якія раней працавалі ў ідэалягічным апараце МУС, кажа ў размове з Свабодай Уладзімер Жыгар, прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol.
— Набіраюць асобаў, якія працавалі ў ідэалягічным апараце. Напрыклад, гэта можа быць былы намесьнік начальніка РУУС у ідэалягічнай і кадравай рабоце, умоўны былы начальнік штаба. Людзі працавалі ў гэтай сыстэме, яны ведаюць нарматыўную базу, для дзяржавы такія людзі правераныя часам. Улады разумеюць, якія былі памылкі да 2020 году, што ў ідэолягаў прысутнічаў шалёны фармалізм у працы. Такі чалавек у структуры арганізацыі — гэта пункцік у бясьпецы з боку рэжыму, — мяркуе Ўладзімер Жыгар.
З словаў суразмоўцы, асноўная задача ідэолягаў — не прапусьціць ніякіх нявыгадных для дзяржавы крокаў у калектыве.
— Былы супрацоўнік МУС, якія выйшаў з гэтай сыстэмы, спрабуе ўмацаваць тую мэтодыку кіраваньня калектывам, тыя асновы, якія ёсьць у сыстэме МУС. Сыстэма пабудаваная на стукацтве, на даносах, на татальным кантролі. Такі чалавек будзе заўважаць нейкія няправільныя, зь яго пункту гледжаньня, крокі і пасьля даваць справаздачу ў тыя ці іншыя органы, — разважае Ўладзімер Жыгар.
Для чалавека, які раней працаваў у сілавых структурах і ўладкаваўся на такую пасаду, гэта добрая пазыцыя, дадае суразмоўца.
— На такую пасаду пасьля МУС было ўладкавацца праблематычна, людзі ішлі на пасады, зьвязаныя зь бясьпекай. А пасада, зьвязаная з ідэалёгіяй, — гэта цікава для вялікага пласта былых супрацоўнікаў. Ідэалёгію ў МУС насаджваюць моцна. Гэта цікава для супрацоўнікаў аддзелу кадраў, штабу, намесьніка начальніка ў ідэалёгіі. Кадраў можа і не хапіць на пачатковым этапе. Могуць выкарыстоўваць ня толькі былых супрацоўнікаў МУС, — кажа Уладзімір Жыгар.
Што да эфэкту ад працы такіх людзей на нейкім прадпрыемстве, то ён можа быць паступовы, гаворыць суразмоўца. Улады хочуць кантраляваць раней больш вольны прыватны сэктар.
— Яны цяпер будуць ахопліваць той сэгмэнт, які быў вольны ў прыняцьці рашэньняў. Гэта сэгмэнт, які няправільна паказаў сябе з гледзішча ўладаў у 2020 годзе. Раней дзяржаўная ідэалёгія не даносілася ў гэтыя структуры. Цяпер на такіх пасадах будуць былыя сілавікі, што будзе трымаць калектыў у дадатковай напрузе, — папярэджвае Жыгар.
У беларускай вышэйшай сыстэме адукацыі нават ёсьць спэцыяльнасьць «ідэоляг». Такіх спэцыялістаў рыхтуюць у Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце, спэцыяльнасьць называецца «дзяржаўнае кіраваньне і ідэалёгія».
Раней Свабода паведамляла, што вось ужо два гады беларусаў, якія ўладкоўваюцца на дзяржаўныя пасады, правяраюць праз базы сілавікоў. Праверка можа цягнуцца да двух месяцаў. Глядзяць, ці былі ў чалавека адміністрацыйныя палітычныя затрыманьні, ці ёсьць яго імя ў базах сілавікоў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное