«Дзеля сваіх дзетак, каб да іх вярнуцца». Дашкевіч расказаў, як трапіў у «нізкі статус» і напісаў прашэнне аб памілаванні
«Я ведаў, што не буду вінаваты перад сваёй дачкой, якой я пакляўся, што я да яе вярнуся хутка».
Героем новага выпуску ютуб-канала «ЧастнОК-LIVE» стаў былы палітвязень Зміцер Дашкевіч. Яго шчыры расповед прыводзіць Наша Ніва.
14 ліпеня 2022 года за ўдзел у пратэстах Змітра Дашкевіча і яго жонку Насту асудзілі адпаведна да 1,5 года пазбаўлення волі і трох гадоў «хатняй хіміі». У ліпені 2023 года, у дзень выхаду Дашкевіча з калоніі, яго затрымалі па новай крымінальнай справе. У кастрычніку таго ж года суд прызначыў яму яшчэ адзін год калоніі строгага рэжыму паводле артыкула аб злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі.
У 2024‑м Дашкевіча зноў асудзілі — да аднаго года і трох месяцаў калоніі строгага рэжыму.
11 верасня 2025 года ён быў вызвалены (на 20 дзён раней за канец тэрміну) і фактычна дэпартаваны ў Літву разам з пяццюдзесяццю іншымі беларускімі палітвязнямі.
Як расказаў Зміцер, у калоніі ў Навасадах ён пагадзіўся выканаць распараджэнне адміністрацыі, выкананне якога азначала добраахвотны пераход у так званы нізкі статус.
«Я з гэтым доўга змагаўся, калі мяне яшчэ спрабавалі аформіць… другім тэрмінам (тут Зміцер, імаверна, мае на ўвазе крымінальны пераслед 2010-2013 гадоў. — заўв.), — даводзіць Дашкевіч і тлумачыць сваю матывацыю:
«Я разважаў так: што калі я зараз ім дазволю з сабой гэта зрабіць, калі я пайду, згаджуся на гэтую гульню, то ўсіх людзей, якіх яны будуць судзіць пасля мяне, яны будуць прапускаць праз гэтую сістэму. І я лічу, што я ў іх выйграў гэты бой, тады мне гэта каштавала адзін год лішняга жыцця і, можа, год ізалятара».
Аднак пазней сітуацыя змянілася. Калі ў 2023 годзе Зміцер быў зноў асуджаны, у яго было чацвёра дзяцей.
І калі ў калоніі ў Навасадах яму сказалі: «Ідзі прыбірай санвузел, таму што па-іншаму ты да сям’і не вернешся», ён пагадзіўся.
«Калі да гэтага часу мне трэба было вельмі шмат смеласці, каб змагацца з імі і не паддацца ім, калі мне трэба было вельмі шмат сіл, фізічных і маральных, каб ваяваць з імі і не здацца, то цяпер мне трэба было вельмі шмат сіл, каб прызнаць над сабой нізкі статус і пайсці прыбіраць санвузел», — дзеліцца Зміцер.
Менавіта жаданне хутчэй выйсці на волю і ўз’яднацца з сям’ёй стала вырашальным.
«Я сядзеў у ПКТ і атрымаў ліст ад сваёй дзяўчынкі, ад дачушкі Магдалены. Яна мне піша: «Тата, ты хутка да нас вернешся?» І я ёй адказваю: «Любімая мая, я вельмі хутка вярнуся да цябе». Мне заставалася сядзець некалькі месяцаў. І потым мяне з ПКТ выводзяць у атрад, кажуць: «Вось швабра, вось санвузел». І я пайшоў прыбіраць санвузел для сваіх дзетак».
Як сцвярджае Дашкевіч, калі ён апынуўся ў нізкім статусе — «што самае страшнае для любога вязня», — ён адчуў сябе «самым шчаслівым чалавекам на зямлі».
«Таму што я зрабіў гэты крок дзеля сваіх дзетак, каб да іх вярнуцца», — падкрэслівае Дашкевіч і згадвае, што яго згода выканаць даручэнне стала нечаканасцю для адміністрацыі калоніі.
«Яны пабеглі… Прыбягаюць праз гадзіну: «Давай запішам на відэа». То бок яны пайшлі, паведамілі кіраўніцтву, што Дашкевіч гэта зрабіў. Кіраўніцтва не паверыла, што я гэта зрабіў. Кажуць: «Ну давай яшчэ раз тут запішам па-ціхаму». Ну я працёр там гэтую падлогу на рукамыйніках — для відэа».
Дашкевіч сцвярджае, што калі адміністрацыя зразумела, што не можа «законна раскруціць» яго па артыкуле 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі), бо ён выконваў патрабаванні, супраць яго былі сфальсіфікаваныя новыя матэрыялы.
Па словах Дашкевіча, ён разумеў, што яго могуць падмануць, што яго згода перайсці ў нізкі статус можа ні на што не паўплываць.
«Але я ведаў, што калі яны будуць мяне круціць, я не буду вінаваты перад сваёй дзяўчынкай, якой я пакляўся, што я да яе вярнуся хутка», — кажа Зміцер.
У выніку так і атрымалася. Перад самым вызваленнем яго зноў затрымалі. Тыя дні ён называе «страшнымі днямі адчаю» і прызнаецца, што «маліўся, крычаў Богу: «Чаму мяне адразу не пасадзілі на гадоў 5-10?».
«Мне аднолькава было б непрыемна, каб гетарасэксуальныя парады праводзіліся ў горадзе»
На пытанне, ці змянілася яго стаўленне да людзей нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі пасля досведу прыніжэння, Дашкевіч адказаў, што лічыць «гамасэксуальны блуд і гетарасэксуальны блуд» аднолькавым грахом з пункту гледжання Бібліі і падкрэсліў, што імкнецца быць аб’ектыўным.
Пры гэтым ён адзначыў, што заўсёды добра ставіўся да людзей, якія «сваё прыватнае сэксуальнае жыццё не робяць жыццём грамадскім» і не навязваюць іншым сваё бачанне нормы.
«Мне аднолькава было б непрыемна, каб гэта гетарасэксуальныя парады праводзіліся ў горадзе, а я іду па вуліцы. Мне аднолькава было б немагчыма патлумачыць дзецям, што адбываецца. І пытанне тут не ў геях, хоць многія людзі хочуць звесці да гэтай тэмы.
Я стараўся — і мяркую, я так і раблю — добра адносіцца да людзей, якія ў агрэсіўнай форме не вучаць мяне, што грэх — гэта норма, якую трэба культываваць. Але гэта права выбару даў чалавеку Бог. Не Дашкевіч, не нейкая асоба», — тлумачыць Дашкевіч.
«Памілуйце мяне, дайце мне дасядзець мой тэрмін»
Асобна ў інтэрв’ю былы палітвязень расказаў пра тое, як яго прымушалі напісаць прашэнне аб памілаванні. Паводле Дашкевіча, ініцыятыва ішла ад супрацоўнікаў калоніі і суправаджалася шантажом сям’ёй:
«Мяне выклікае опер у Калядзічах і кажа: «Слухай, ну ў цябе жонка на хіміі. Дзеці ж там». Кажу: «Ну». «Ну ты разумееш, што жонку могуць пасадзіць, дзяцей забраць у дзетдом. Трэба пісаць»».
Як згадвае Зміцер, у камеру ён вярнуўся ў стане шоку. Але пасля злавіў сябе на думцы:
«Што азначае гэтая нікчэмная ўвогуле паперка? Я, канешне, яе напішу дзеля сваёй сям’і».
Першую заяву Дашкевіч склаў максімальна лаканічна — усяго чатыры словы на беларускай мове: «Прашу вас мяне памілаваць».
Пазней ён падрыхтаваў другую, больш разгорнутую версію:
«Так і так, маўляў, памілуйце мяне, дайце мне дасядзець мой тэрмін, мяне тут пастаянна «круцяць» аперы. Але яны кажуць, што не самі мяне «круцяць», а што гэта вы іх просіце. Аляксандр Рыгоравіч, памілуйце, дайце мне дасядзець спакойна».
Аднак, паводле Дашкевіча, ніводны з гэтых варыянтаў не задаволіў адміністрацыю. Калі аператыўнік азнаёміўся з тэкстамі, то заявіў: «Ну ты разумееш, што нічога з гэтага не падыдзе?»
На пытанне «а што падыдзе?» яму прапанавалі даць паказанні супраць Віктара Бабарыкі, «Радыё Свабода», Паўла Севярынца, царквы, Pandadoc, IT-парка.
«Я проста ў трансе прыходжу ў камеру. Адзіная радасць, якая была, — гэта я рву гэтыя памілухі, спускаю іх ва ўнітаз. Мяне шантажуюць сям’ёй, жонкай. У іншым выпадку я б проста іх паслаў нафіг. Ён кажа: «Ну давай нешта напішам, ну хоць нешта там»», — даводзіць Дашкевіч.
У выніку ён напісаў яшчэ адзін тэкст — але без абвінавачванняў канкрэтных асобаў:
«Так, я сустракаўся з журналістамі «Радыё Свабода». Але тады, калі гэта рабіў Аляксандр Рыгоравіч, сядзеў з імі за адным сталом. Можа, там у яго запытацца? «Што такое айці-парк», пішу, «я даведаўся толькі са СМІ ў 2020 годзе». Бабарыку, дзякуй Богу, я ў вочы ніколі не бачыў. Ну і пішу ім: «Канешне, вы можаце са мной зрабіць усё, што вы хочаце, але вы зробіце толькі тое, што дазволіў вам Бог. І я ўсё гэта прайду дзеля сваёй сям’і».
Чым скончылася гісторыя з гэтай заявай, Дашкевіч дакладна не ведае. «Ну нічым, напэўна. Усё, мяне раскруцілі трэці раз (распачалі чарговую крымінальную справу. — заўв.)», — заўважае былы палітвязень.
Читайте еще
Избранное