Ігар Станкевіч: «Калі мы адмаўляемся ад сваякоў, мы адмаўляем частку саміх сябе»
Журналіст Ігар Станкевіч займаецца генеалогіяй ужо амаль 30 гадоў. Апроч таго, што яму ўдалося знайсці сваякоў у шматлікіх краінах, ён таксама дапамагае іншым людзям шукаць звесткі пра свой род і аднаўляць сямейныя гісторыі.
У інтэрв'ю «Салідарнасці» Ігар распавёў, чаму важна вяртацца да каранёў і як веданне роду можа паўплываць на ўласнае жыццё чалавека. А таксама пра курс «Радавод», які ён праводзіць у адукацыйным хабе «Нацыя Лідараў».
— Веданне гісторыі свайго роду дае чалавеку сілы для разумення свайго месца ў свеце. Я займаюся вывучэннем роду амаль 30 гадоў, і ў мяне ёсць адчуванне, што жыццё цячэ праз мяне: перада мной было шмат пакаленняў, якія далі мне жыццё. На мне яно не скончыцца — у мяне ёсць дзеці, у якіх, спадзяюся, таксама будуць дзеці. І род будзе працягвацца, — распавядае Ігар.
Веданне роду дапамагае лепш зразумець сябе. Напрыклад, я шмат працаваў з моладдзю, прафсаюзамі, а потым даведаўся, што мой бацька таксама выкладаў у школе працоўнай моладзі.
Пошук сямейнай гісторыі — разнастайны працэс. Журналіст адзначае, што ў ім ёсць як пазітыўныя, так і негатыўныя моманты. Але і першыя, і другія — карысныя для чалавека.
— З аднаго боку, веданне роду можа даваць гонар і натхненне. Па-першае, можна адшукаць сярод сваякоў вядомых дзеячаў. Па-другое, пабачыць, з якімі цяжкасцямі сутыкаліся нашы продкі. Асабліва гэта важна ў цяжкія часы, як зараз — падчас войнаў і рэпрэсій. Калі даведваешся, што перажылі твае продкі — магчыма, яны зазналі вялікія страты, але далі табе жыццё, — пачынаеш разумець: калі яны адолелі гэта, значыць, і ты зможаш.
З іншага боку, род можа прынесці траўмы. Адно пакаленне перажыло ўразлівую падзею, што адбілася на паводзінах і псіхіцы другіх пакаленняў. Часам чалавек можа не разумець, чаму з ім адбываюцца некаторыя рэчы — нібыта ўсё робіць правільна, але трапляе ў нейкія непрыемныя сітуацыі.
Калі чалавек пачынае раскопваць сямейныя гісторыі, гэта можа даць яму ацаленне. Гэта дазваляе вызваліць энергію, якая была звязаная з траўмай.
Апроч таго, працягвае суразмоўца «Салідарнасці», веданне сямейнай гісторыі дазваляе развіваць крытычнае мысленне і лепей разумець гістарычны кантэкст.
— Улада часта намі маніпулюе, падмяняючы гістарычны кантэкст уласнымі ідэалагічнымі наратывамі. Але калі ты ведаеш гісторыю на прыкладзе сваёй сям'і, пачынаеш лепш аналізаваць, што табе транслююць. Гэта тычыцца ў тым ліку рэпрэсій. Улады могуць пра гэта не казаць, пра гэта могуць не казаць нават у сям'і — я, напрыклад, ведаў, што мая прабабуля і прадзед былі расстраляныя. Але калі пачаў шукаць дакументы, аказалася, што насамрэч сярод маіх сваякоў было больш за 30 рэпрэсаваных, 12 з якіх — расстраляныя.
— З пошукам сямейнай гісторыі звязана шмат страхаў. Напрыклад, некаторыя баяцца, што знойдзеным сваякам гэта не трэба. Што можаце пра гэта сказаць?
— У людзей ёсць страх зрабіць першы крок. Канешне, сваякі, якіх ты знаходзіш па дакументах і звяртаешся да іх, могуць ставіцца да цябе з асцярогай. Я таксама з гэтым сутыкаўся. Аднойчы прыехаў, а мне сказалі: «Які ты сваяк?» Тлумачыў, маўляў, так і так. Але ж чалавек не ведаў пра мяне, бо кантактаў не было. І толькі калі я паказаў фотаздымак з агульнымі сваякамі, ён сказаў: «Добра, заходзь».
Бывае і наадварот: ёсць людзі, якія таксама цікавяцца гісторыяй і шукаюць такія кантакты. Яны рады, калі вы іх знаходзіце, або звяртаюцца самі.
Некаторыя людзі баяцца знайсці сямейныя шкілеты ў шафе. У мяне такое таксама было. Заўсёды мне распавядалі, што майго дзеда ў 1943 годзе забралі на працу ў Нямеччыну, але па дарозе ён загінуў. Калі прасіў бабулю распавесці пра дзеда, яна не хацела, казала: «Ай, усё, не трэба». Але калі я знайшоў сваіх цётак, яны распавялі, што насамрэч дзед працаваў на заводзе ў Нямеччыне, а потым пайшоў у амерыканскую зону акупацыі.
Сталыя людзі часта не хочуць распавядаць пра сямейную гісторыю. Бывае, нейкага продка нават выкрэслівалі з гісторыі роду, бо гэта было небяспечна.
— А ці ёсць у нас, беларусаў, нейкія адрозненні ў адносінах да сям'і ў параўнанні з іншымі народамі?
— У параўнанні, напрыклад, з палякамі мы ў пэўнай ступені манкурты — людзі, якія забыліся на свае карані. Напрыклад, мая цётка на Радуніцу і Дзяды прыбірала каля 20 магіл. Калегі ёй казалі: якія 20, адкуль ты іх ведаеш? У нас часцей за ўсё ходзяць на магілы бацькоў і ў лепшым выпадку бабуль і дзядуль. Сваім родам, на жаль, беларусы ў большай ступені не цікавяцца. Разумею, што гэта, хутчэй за ўсё, наступствы палітыкі бальшавікоў: ім удалося разарваць сувязь пакаленняў, часткова знішчыць сямейныя традыцыі.
Але калі казаць пра палякаў, то я ў шоку ад іх зацікаўленасці гісторыяй сям'і. У мяне была сітуацыя, калі мне напісаў чалавек, які на сметніку ў Польшчы знайшоў фотаздымкі і адшукаў, што людзі на іх — мае сваякі.
Пры гэтым зараз, адзначае Ігар Станкевіч, усё больш беларусаў імкнецца да сваіх каранёў — ім цікава, хто яны і адкуль, бо паўстала пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці.
— Мая калега, якая займаецца трансгенерацыйнай траўмай, тлумачыць гэта тым, што першае пакаленне, якое перажыло траўмы ў выглядзе рэпрэсій і вайны, не распавядае пра гэта, другое — пражывае гэтае гора, але таксама мала кажа. На трэцяе пакаленне траўма ўжо не так моцна ўплывае, і людзі пачынаюць больш цікавіцца. Таму і наша моладзь цяпер шукае свае карані — пагатоў сучасныя тэхналогіі дазваляюць шмат чаго знайсці нават не выходзячы з дому.
Асабліва гэта дапамагае тым, хто знаходзіцца ў эміграцыі, бо эміграцыя — гэта сацыяльная смерць — разрываюцца сувязі, звычайны лад жыцця. Вяртанне да каранёў дапамагае ўзгадаць, што чалавек не адзін. Я, напрыклад, знайшоў сваякоў у Польшчы, Нямеччыне, Аўстраліі і некаторых з іх ужо нават наведаў.
— А як на нас уплываюць сямейныя канфлікты? Ведаю, што часам людзі не цікавяцца сваім родам менавіта праз гэта.
— Сапраўды, шмат людзей сутыкаецца з сямейнымі канфліктамі, кагосьці праз гэта проста выкраслілі з гісторыі роду. Боль перадаецца, напрыклад, ад маці дзецям, і яны вырашаюць ніколі не кантактаваць з бацькам і яго сваякамі. Такая праблема вельмі напружвае, бо калі мы адмаўляемся ад кагосьці са сваякоў, то мы адмаўляем частку саміх сябе.
Канфлікт — гэта заўсёды страты. Крыўда — цяжкая рэч. Але сёння з гэтым можна працаваць, бо ёсць псіхатэрапія. На мой погляд, прапрацоўка гэтых траўмаў можа палепшыць жыццё чалавека.
Напрыклад, у мяне была знаёмая, якая жыла ў Расеі, але была вельмі апантаная Польшчай — добра ведала польскую мову і часта туды прыязджала. У яе быў канфлікт з бацькам, і яна ніколі не камунікавала з яго сваякамі. Але, калі ён памёр, паехала да дзяцькі і дазналася, што сваякі па лініі бацькі — беларусы, а бабуля — полька. Яна пераадолела псіхалагічны бар'ер і гэта шмат чаго ёй дало.
Некаторыя людзі толькі задумваюцца пра тое, каб пачаць дазнавацца пра гісторыю сваёй сям'і, але не ведаюць, з чаго пачаць. Для такіх людзей Ігар Станкевіч праводзіць курс «Радавод». Ён будзе карысны не толькі пачаткоўцам, але і тым, хто ўжо прасунуўся ў гэтым пытанні.
Каб пачаць весці сваё генеалагічнае дрэва, адзначае аўтар курса, першай справай трэба звярнуцца да жывых сваякоў.
— Хаця б запісаць простыя даты: дзе і калі нарадзіліся, што скончылі, дзе працавалі, калі ажаніліся, зафіксаваць легенды і аповеды з жыцця. Трэба проста бегчы, тэлефанаваць і запытваць, пакуль ёсць такая магчымасць.
Каб захоўваць гісторыю роду для нашчадкаў, можна таксама пачаць з сябе і пісаць аўтабіяграфію: дзе вучыўся, удзельнічаў, фіксаваць успаміны. Перш за ўсё трэба звяртацца да таго, што блізка. Потым — зазірнуць у сямейныя архівы. У маёй маці, напрыклад, захаваўся блакнот, дзе яна фіксавала кошты ў 1980-90-х гадах. Гэта вельмі цікава, бо гэта таксама гісторыя.
Гарантую, што пачуеце шмат новых гісторый ад сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль. Бо часам людзі нават не задумваюцца: ёсць бабуля і супер, але што яна рабіла, як праходзіла яе жыццё? Гэта заўсёды адкрыццё.
Анлайн-курс «Радавод: аднаўляем гісторыю сваёй сям'і і краіны» ад «Нацыі Лідараў» праводзіцца бескаштоўна і пачынаецца 10 лістапада.
Зарэгістравацца можна да 9 лістапада па спасылцы.
Партнёрскі матэрыял
Читайте еще
Избранное