Общество

Ігара Лосіка ўключылі ў сусьветны топ зьняволеных журналістаў

Сусьветная кааліцыя мэдыяарганізацый One Free Press Coalition 1 траўня апублікавала штогадовы сьпіс «10 самых надзвычайных» (10 Most Urgent) зь імёнамі зьняволеных па ўсім сьвеце журналістаў, якія вымагаюць неадкладнага вызваленьня, піша Радыё Свабода.

Сярод іх — журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Ігар Лосік, які знаходзіцца за кратамі амаль пяць гадоў.

«Сьпіс «10 самых надзвычайных» зьвяртае ўвагу на лёсы журналістаў, якія апынуліся за кратамі за імкненьне гаварыць праўду. Гэтыя дзесяць выпадкаў адлюстроўваюць і спробы ўрадаў крыміналізаваць журналістыку, задушыць незалежныя мэдыя і ўтаіць інфармацыю ад грамадзкасьці», — ідзецца ў камэнтары One Free Press Coalition.

Апроч Ігара Лосіка ў сьпісе фігуруе Ўладзіслаў Есіпенка, карэспандэнт праекту «Крим.Реаліï» Украінскай службы Радыё Свабода, які ўжо чатыры гады знаходзіцца ў расейскім зьняволеньні. Апроч іх у сьпісе згадваюцца журналісты з Ганконгу, М’янмы, Філіпінаў, Віетнаму, Азэрбайджану, Кітаю, Кыргызстану і Турэччыны.

Сьпіс «10 самых надзвычайных» — вынік супрацы кааліцыі з «Камітэтам абароны журналістаў» (CPJ), «Міжнародным фондам жаночых мэдыя» (IWMF) і «Рэпартэрамі бязь межаў» (RSF).

Перасьлед Ігара Лосіка

Ігара Лосіка затрымалі ранкам 25 чэрвеня 2020 году ў яго дома ў Баранавічах. Яго абвінавацілі паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх»), а пазьней яшчэ паводле двух артыкулаў — 293-га і 130-га.

Цягам 41 дня (з 15 сьнежня 2020 па 25 студзеня 2021 году) Ігар трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць выстаўленьня новых абвінавачаньняў у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкула ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ.

14 сьнежня 2021 году Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні ў СІЗА-3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Камэнтуючы прысуд праз жонку Дар‘ю, Ігар расказаў, што ў ягонай справе не было ніводнай экспэртызы і ніводнага паста, які б даказваў яго віну па прад’яўленых артыкулах.

18 кастрычніка 2022 году сілавікі затрымалі жонку Ігара Дар‘ю Лосік, якая змагалася за вызваленьне мужа. Яе абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Яна датэрмінова выйшла на волю 3 ліпеня 2024 году.

Пасьля прысуду Ігара Лосіка ўтрымліваюць у Наваполацкай калёніі № 1. Шмат месяцаў ён правёў у памяшканьні камэрнага тыпу, неаднаразова яго пасылалі ў штрафны ізалятар. Праваабаронцам стала вядома, што ў сакавіку 2023 году Ігар у адказ на прэсінг з боку адміністрацыі калёніі лязом парэзаў сабе руку і шыю.

Усе адвакаты Ігара Лосіка (а іх было ня менш за 4) былі вымушаныя або выехаць з краіны, або разьвіталіся з адвакацкай ліцэнзіяй. Апошняя, пятая па ліку абаронца з Наваполацкай адвакацкай канторы сама прапанавала бацькам Ігара скасаваць дамову, калі даведалася, хто яе падабаронны і які тэрмін ён атрымаў. Вядома, што апошні ліст ад сына бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 году.