Политика

Карбалевіч: «Высьветлілася, што беларуская дыктатура — гэта не ўнутраная справа Беларусі»

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч піша на Радыё Свабода пра месца Беларусі ў сьвеце і яе саюзьнікаў.

Суседзі Беларусі пачынаюць разумець, што беларуская дыктатура — гэта ня толькі яе ўнутраная справа. Без вырашэньня «беларускага пытаньня» немагчыма казаць пра трывалы мір у рэгіёне. Бо нявырашанасьць унутрыпалітычнага канфлікту ў 2020 годзе выплюхнулася за межы і стварыла крызіс бясьпекі ў рэгіёне.

Валер Карбалевіч

Развагі пра новае месца Беларусі ў сьвеце

Радыкальныя перамены ў сыстэме міжнародных адносін апошніх гадоў сталі фактам палітычнага жыцьця, якія заўважныя нават абывацелям. Пэўным рубяжом можна лічыць вайну Расеі супраць Украіны і Захаду, якая павінна, паводле плянаў Масквы, разбурыць той «лібэральны парадак», які стаў вынікам заканчэньня «халоднай вайны». Замежная палітыка новай адміністрацыі ЗША на чале з Дональдам Трампам стала яшчэ адным трыгерам зьмен у міжнароднай сыстэме.

Нарэшце шэраг палітычных трэндаў сталі падставай, каб казаць пра «крызіс дэмакратыі». Гэта «правы паварот» у Эўропе, зьняцьце з выбараў фаварытаў на прэзыдэнцкія пасады (Румынія, Турэччына, Францыя).

Гэтыя падзеі выклікаюць шмат інтэлектуальных рэфлексій, у тым ліку, у асяродзьдзі беларускіх аналітыкаў. Напрыклад, Дзьмітры Крук і Рыгор Астапеня апублікавалі артыкул пад красамоўнай, нават правакатыўнай назвай «У новым сьвеце няма месца для дэмакратычнай Беларусі — хіба што мы яго самі выдумаем».

«Як Беларусі і дэмакратычным сілам рэагаваць на зьмену гістарычнай эпохі?» — ставяць пытаньне аўтары. І канстатуюць, што «Захад як мадэль, якая нам падабалася, зьнікае».

Падаецца, што выснова занадта катэгарычная. Хутчэй ідзецца пра зьмену трэндаў, чым пра зьмену эпохі. Бо калі зьмяняецца эпоха, то пра гэта стане вядома толькі ў наступным пакаленьні. Мы ўсе знаходзімся ў сярэдзіне гэтага працэсу, таму зарана даваць такія ацэнкі. Калі гаворка ідзе пра «крызіс дэмакратыі», то ён можа закончыцца як яе гібельлю, так і адраджэньнем у новай якасьці.

Вакантных месцаў у сьвеце ніколі няма

Ці ёсьць у новым сьвеце месца для дэмакратычнай Беларусі? Калі разважаць па-філязофску, то вакантных месцаў у сьвеце ніколі няма. Любы народ у кожную эпоху павінен заваёўваць свае месца пад сонцам.

Дзьмітры Крук і Рыгор Астапеня ставяць пытаньне пра магчымых моцных саюзьнікаў: чым патэнцыйных патронаў можа зацікавіць Беларусь? Ці можна — і пры якіх умовах — разьлічваць на зьнешнюю падтрымку ў сьвеце, які імкліва зьмяняецца?

Пазыцыя суседзяў

Сойм Польшчы 4 красавіка прыняў рэзалюцыю з ацэнкай мінулых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі як недэмакратычных. Рэзалюцыя прынята практычна аднадушна (431 дэпутат супраць двух). Гэта азначае, што ў глыбока расколатым польскім грамадзтве па «беларускаму пытаньню» ў палітычнай эліце гэтай краіны існуе кансэнсус.

Можа, найбольш важны пункт рэзалюцыі ў кантэксьце тэмы, што абмяркоўваецца, гучыць так: «Сойм Рэспублікі Польшча лічыць свабодную і сувэрэнную Беларусь ключавым элемэнтам стабільнасьці і бясьпекі ў рэгіёне, а таксама падтрымлівае дзейнасьць беларускіх дэмакратычных колаў у эміграцыі і іх імкненьне да свабоднай, дэмакратычнай Беларусі, як часткі эўрапейскай сям'і».

То бок польскія дэпутаты лічаць, што дэмакратыя ў суседняй краіне — гэта не яе ўнутраная справа, а ўмова бясьпекі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Гэта перагукаецца з развагамі прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага, якія прагучалі ў пачатку года, што без вырашэньня «беларускага пытаньня» немагчыма казаць пра трывалы мір у рэгіёне. А як яго вырашыць? Толькі інтэграцыяй Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць. У сваім выступе на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ўкраінскі прэзыдэнт заявіў:

«Мая прапанова: усходняя мяжа Ўкраіны, усходняя мяжа Беларусі, усходнія межы краін Балтыі, усходняя мяжа Фінляндыі. Гэта самая моцная лінія бясьпекі для ўсіх нас у Эўропе, таму што гэта лінія міжнароднага права».

Такім чынам два суседы Беларусі ўвязваюць пытаньне трывалага міру ў рэгіёне з дэмакратычнымі зьменамі ў краіне. Для такога простага вываду спатрэбіліся атакі мігрантамі, тры гады вайны ва Украіне, разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі РФ (не будзем зараз спрачацца аб яе наяўнасьці), магчымае зьяўленьне тут расійскіх ракет «Арэшнік».

Высьветлілася, што беларуская дыктатура — гэта не ўнутраная справа Беларусі. Нявырашанасьць унутрыпалітычнага канфлікту ў 2020 годзе выплюхнулася за межы і стварыла крызіс бясьпекі ў рэгіёне.

За пяць гадоў рэжым Лукашэнкі ператварыў краіну з «донара рэгіянальнай бясьпекі» (такі статус спрабаваў рэалізаваць афіцыйны Менск у 2014–2020 гг.) у суагрэсара, чыньніка пагрозы і дэстабілізацыі Цэнтральнай і Усходняй Эўропы.

У ЭЗ і ЗША няма стратэгіі адносна Беларусі

Але гэтая праблема непакоіць толькі суседзяў. У іншых краінах ЭЗ, у Заходняй Эўропе няма стратэгіі вырашэньня «беларускага пытаньня». Нават такая задача не ставіцца. Магчыма, перамены ў замежнай палітыцы ЗША, сумнеў у падтрымцы Злучанымі Штатамі Украіны падштурхнуць ЭЗ да таго, каб набыць дадатковую міжнародную суб’ектнасьць, ператварыць Эўразьвяз у больш важны ваенна-палітычны цэнтар, у цяжкавагавіка сусьветнай палітыкі.

Калі гэта здарыцца, Эўропа пяройдзе ад заяваў да практычнай рэалізацыі заяўленых плянаў, то справа дойдзе не толькі да больш рашучай падтрымкі Ўкраіны, але і да вырашэньня «беларускага пытаньня».

Што тычыцца ЗША, то адзінай крыніцай інфармацыі пра існаваньне нейкіх плянаў адносна Беларусі зьявіўся артыкул у The New York Times, у якім сьцьвярджалася, што ЗША вядуць кулюарныя перамовы аб зьдзелцы з рэжымам Лукашэнкі. Паводле яе ўмоваў, беларускія ўлады павінны выпусьціць значную частку палітвязьняў і нават спыніць палітыку рэпрэсій, а ЗША ці адменяць, ці аслабяць санкцыі супраць калійнай галіны і банкаў Беларусі.

Зьдзелка, як мяркуюць у Вашынгтоне, дазволіць Лукашэнку дыстанцыявацца ад Расеі. То бок стаўка робіцца не на зьмену рэжыму Лукашэнкі, а на дамоўленасьці менавіта з дзейным рэжымам. Не зрынуць, а купіць.

Калі інфармацыя The New York Times праўдзівая, то Дональд Трамп спрабуе паўтарыць тую спробу, якую ягоная адміністрацыя спрабавала рэалізаваць у канцы першай кадэнцыі дзейнага прэзыдэнта. Тады у Менск прыяжджалі дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэа, дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан, амэрыканцы даслалі нават танкер з амэрыканскай нафтаю.

Аднак ЗША ня могуць замяніць Аляксандру Лукашэнку Расею, яны не ў стане прапанаваць нешта такое, што стымулявала б Менск да аддаленьня ад Масквы.

Зь іншага боку, акрамя таго артыкула ў амэрыканскай газэце, больш ніякай інфармацыі пра нейкія захады Вашынгтону адносна Беларусі няма. Мусіць цяпер там да гэтай тэмы рукі не дайшлі.

Кітайскі кейс

Што тычыцца пазыцыі Расеі, то гэтую тэму можна апусьціць, бо за шмат гадоў яна абсмактаная з усіх бакоў.

А вось кейс Кітая не такі просты. Справа ў тым, што парадаксальным чынам КНР зьяўляецца галоўным бэнэфіцыярам таго працэсу глябалізацыі апошніх 30-40 гадоў, які кантраляваў Захад. Менавіта за час пасьля «халоднай вайны», падчас пэрыяду таго самага «аднапалярнага сьвету», які цяпер бэсьціць беларуская і расейская прапаганда, Кітай зрабіў мадэрнізацыйны рывок і стаў другой краінай сьвету, рэальным геапалітычным канкурэнтам ЗША.

І цяпер пазыцыя Пэкіна ў пэўным сэнсе супярэчлівая. З аднаго боку, ён выступае супраць «лібэральнага парадку», які быў устаноўлены Захадам, таму маўкліва падтрымлівае Расею. Але зь іншага боку, Кітай не задаволены поўным разбурэньнем «парадку, заснаванаму на правілах», які распачала Расея, а цяпер ужо і новая адміністрацыя ЗША.

Пэкін не зацікаўлены ў цяперашнім беспарадку, яму выгодны ўпарадкаваны сьвет, дзе існуюць пэўныя правілы, існуе вольны гандаль, стабільны транзыт. Таму транспартны ступар на мяжы Беларусі з заходнімі суседзямі, востры канфлікт Менска з ЭЗ не задавальняе Кітай. Іншае пытаньне, як гэта можна выкарыстаць.

У любым выпадку ізаляцыя, няхай і адносная, у якую загнаў Лукашэнка краіну, гэта найгоршы сцэнар для Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.1(12)