Политика

Карбалевіч: «Вызваленьне становіцца новым выклікам для Лукашэнкі».

Хваля аптымізму і новыя выклікі: што значыць вызваленьне 52 палітвязьняў. Аналіз Валера Карбалевіча на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

5 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп анансаваў, што многія з 1400-1500 беларускіх палітвязьняў неўзабаве будуць вызваленыя. Часткова гэтыя прадказаньні збыліся. Вызваленыя 52 палітвязьні.

Паводле кулюарнай інфармацыі, перамовы аб вызваленьні палітвязьняў цягнуліся два дні. Гледзячы па ўсім, торг працягваўся ўжо ў ходзе перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўніком прэзыдэнта ЗША Джонам Коўлам, якія цягнуліся 5 гадзін. Бо спачатку дзесьці а 14.30 прэсавая служба Лукашэнкі паведаміла пра вызваленьне 14 замежных грамадзян. І толькі дзесьці праз гадзіну зьявілася інфармацыя пра «глябальную зьдзелку», у рамках якой вызвалены 52 палітвязьні.

Калі меркаваць па рэпліках Лукашэнкі, ён ня супраць вызваленьня і дэпартацыі зь Беларусі ці ня ўсіх палітзьняволеных.

Упершыню Джон Коўл не пазьбягае публічнасьці. Ён у Менску камэнтаваў перамовы беларускім дзяржаўным мэдыям, а потым ужо ў Вільні адказаў на пытаньні журналістам недзяржаўных СМІ. І гэта сьведчаньне таго, што «зьдзелка» адбылася, цяпер можна нешта апавядаць журналістам.

Прынцыповая ўмова беларускага боку выяўляецца ў тым, што ўсіх вызваленых гвалтоўна дэпартуюць зь Беларусі, вывезьлі ў Літву.

Можна меркаваць, што з амэрыканскага боку прынцыповай умовай было тое, што сярод вызваленых павінны быць знакавыя асобы. І такіх апынулася надзвычай шмат. Дзякуючы высілкам амэрыканскай адміністрацыі вызвалены Мікола Статкевіч, Аляксандр Ярашук, Генадзь Фядыніч, Уладзімер Мацкевіч, Ігар Лосік, Зьміцер Дашкевіч, Павел Мажэйка, Ірына Слаўнікава, Мікола Дзядок, іншыя палітзьняволеныя.

Пры гэтым Мікола Статкевіч адмаўляецца пакідаць Беларусь і тым самым псуе той сцэнар зьдзелкі, якую заключылі бакі.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што вызвалена шмат журналістаў Белсату. Гэта можна разглядаць як жэст у бок Польшчы. Але сярод іх няма Анджэя Пачобута, Кацярыны Андрэевай і, што асабліва важна, Гжэгажа Гавэла. Апошні нядаўна быў арыштаваны ў Лепелі як польскі шпіён. Менавіта ягонае затрыманьне стала апошнім трыгерам рашэньня Варшавы аб закрыцьця мяжы зь Беларусьсю.

Можна меркаваць, што патрабаваньне абавязкова пісаць прашэньне аб памілаваньні, якое раней было абавязковай умовай вызваленьня, цяпер адкінутае.

Якія крокі зробленыя з другога боку?

Найперш, пачнуць паўнавартасную працу амбасады. ЗША вяртаюць пасла і дыпляматаў у Менск, адпаведна адновіць працу пасольства Беларусі ў Вашынгтоне. Жэст больш сымбалічны, яго цяжка ацэньваць як саступка амэрыканскага боку.

Галоўны бонус: ЗША здымаюць санкцыі з «Белавія». Але самалёты авіякампаніі ў ЗША не ляталі. Гаворка можа ісьці пра магчымасьць закупак самалётаў Boeing і абсталяваньня для іх.

Пра зьняцьце ці замарожваньне іншых санкцый пакуль не ідзецца. Хутчэй за ўсё, гэта можа адбыцца на наступным этапе, калі будуць вызвалены новыя партыі зьняволеных. У гэтым сэнс «глябальнай зьдзелкі» ці «дарожнай мапы», якая была заключана падчас сёньняшніх перамоваў.

Вызваленая загадчыца маркетынгавай службы санаторыя «Беларусь» у Друскеніках Алена Раманаўскене, фота з старонкі прэзыдэнта Літвы ў сацыяльнай сетцы X

Парадокс у тым, што адносна пасьпяховы перамоўны кейс ладзіцца на тле рэзкага абвастрэньня адносін Беларусі з суседзямі, найперш з Польшчай, якая зачыніла мяжу зь Беларусьсю. Латвія і Польшча ўвялі беспалётную зону на мяжы зь Беларусьсю.

Гэтае вызваленьне зь вялікай колькасьцю знакавых фігур будзе мець пэўныя палітычныя наступствы. Для беларускай эміграцыі гэта ўздыме хвалю аптымізму. Іншая справа, наколькі яна будзе апраўданай. Але зьявіцца адчуваньне, што нешта зрушылася з мёртвай кропкі.

У міжнародныя пляне тэма Беларусі на нейкі час зьявіцца на парадку дня. Дональд Трамп ня ўпусьціць магчымасьць нагадаць пра высілкі сваёй адміністрацыі, якія далі вынік. Замежныя мэдыі яшчэ раз нагадаюць, як у Беларусі зьдзекуюцца з апазыцыянэраў. У дыскрэдытацыі рэжыму Лукашэнкі зьявяцца новыя штрыхі.

Як ні дзіўна, гэтае вызваленьне становіцца новым выклікам для Лукашэнкі. Хваля аптымізму ўздымецца не толькі ў асяродзьдзі беларускай дыяспары, але і ўнутры Беларусі. Хоць яно наўрад ці выльецца ў нешта публічнае, але тым ня менш улады будуць вымушаны неяк рэагаваць. Магчыма новая хваля рэпрэсій, каб не падумалі, што рэжым аслаб.

Аднак зьяўленьне ў вялікай колькасьці новых палітвязьняў у пэўным сэнсе разбурае кантэкст перамоўнага працэсу між Менскам і Вашынгтонам.

Затым, Лукашэнку трэба неяк даказаць сваім прыхільнікам, што для ўладаў гэта добрая зьдзелка, што яго амэрыканцы, як ён любіць казаць, «не нахілілі». Падчас размовы з прадстаўніком Беларусі пры ААН Валянцінам Рыбаковым, які якраз вядзе перамовы з ЗША, ён пачаў апраўдвацца. Можна меркаваць, што рабіць гэта яму давядзецца пэўны час.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.1(7)