Филин

Юлія Кот

Казакевіч: «Што да закрыцця межаў, гэтыя патроны былі занадта хутка расстраляныя»

Филин абмеркаваў з палітолагам, чаму памежны канфлікт Беларусі з суседнімі краінамі не завяршаецца хоць бы дрэнным мірам і ці варта зноў чакаць закрыцця межаў.

Менш як тыдзень таму аднавілі працу пункты пропуску на межах Беларусі і Літвы. Здавалася, памежны канфлікт, хоць і не быў вырашаны, але крыху страціў вастрыню. Аднак падзеі апошніх дзён вымушаюць задумацца, ці так гэта?

Паветраныя шары з кантрабанднымі цыгарэтамі зноў паляцелі ў суседнія краіны (цяпер і ў Латвію, дзе ў нядзелю выявілі 7 метэазондаў). Колькасць нелегальных спроб беларуска-еўрапейскіх межаў пачала расці. Да ўсяго, станам на панядзелак літоўскія фуры, якія былі фактычна ўзятыя рэжымам Лукашэнкі ў закладнікі, так і не могуць выехаць з Беларусі.

Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што неабходны рашучы адказ і новыя санкцыі з боку ЕС, бо «дыктатары разумеюць толькі ціск і мову сілы». Прэм’ер-міністарка Інга Ругінене не выключыла паўторнага закрыцця мяжы, «калі сітуацыя не палепшыцца».

Чаму і навошта беларускія ўлады выбіраюць шлях эскалацыі?

На думку дырэктара інстытута «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча, гаворка можа ісці не толькі пра жаданні ўласна Лукашэнкі і Ко.

— Відавочна, што гэты працэс не мог быць простым. Тое, што адбывалася і на беларуска-польскай мяжы, і на беларуска-літоўскай — не тое каб рэчы, звязаныя выключна і цалкам з пазіцыяй беларускага боку, — гаворыць палітолаг у каментары Филину. — Дастаткова вялікая колькасць экспертаў, асабліва еўрапейскіх, сцвярджае, што гэта частка расійскай гібрыднай агрэсіі.

Андрэй Казакевіч

Мы ведаем, што Расія ажыццяўляе досыць шырокі спектр падобных аперацый па ўсёй Еўропе. Напэўна, і тое, што назіраецца цяпер на беларускай мяжы — адзін з фрагментаў вялікай схемы.

Пацверджання гэтаму няма, і вакол тэмы можна хіба спекуляваць — што, магчыма, у Мінска ёсць абавязкі пра тое, каб часам дэстабілізаваць, ствараць напружанасць на адным з участкаў мяжы. Але ж няўстойлівасць сітуацыі (прычым яна няўстойлівая не толькі зараз, але і на працягу апошніх чатырох год), хутчэй, кажа пра тое, што гульня значна больш складаная, чым проста двухбаковыя стасункі паміж Беларуссю і Польшчай, Беларуссю і Літвой.

— Напружанасць беларускія ўлады калі не самі ствараюць, то захоўваюць, але ж кожны крок выклікае пэўную рэакцыю. Якой яна можа быць цяпер, прынамсі з боку Літвы? Варта зноў чакаць закрыцця межаў?

— Што да закрыцця межаў, мне падаецца, гэтыя патроны занадта хутка расстралялі. І літоўскі, і польскі бок. Спачатку закрывалі межы на месяц (хаця маглі і на пару дзён, як мера папярэджання), потым адкрылі датэрмінова. Плюс беларускія ўлады знайшлі пэўныя рычагі ціску на літоўскі бок, маю на ўвазе гісторыю з грузавікамі.

Магчыма, яшчэ неяк уцягнуты амерыканскі бок. Прынамсі, чуткі такія ходзяць, хоць, зноў жа, сцвярджаць на 100% складана. Альбо на гэтым полі ёсць і іншыя дадатковыя гульцы, што магло б патлумачыць досыць дзіўную дынаміку падзей.

Напэўна, зачыняць межы зноў усё ж не будуць. Прынамсі ў найбліжэйшы час будзе спроба пастарацца ўрэгуляваць сітуацыю іншым чынам.

— Але як? Хто ці што, на ваш погляд, можа рэальна паўплываць на развіццё падзей?

— На жаль, калі гэта сапраўды ёсць часткай расійскай гібрыднай пагрозы для суседніх краін, усё будзе працягвацца яшчэ доўга. З беларускага боку можна толькі зменшыць наступствы, знізіць напружанасць, якая можа мяняцца ў пэўным дыяпазоне.

На маю думку, пакуль увогуле пытанне бяспекі ў нашым рэгіёне не будзе вырашанае — уцягванне Беларусі ў гібрыдныя атакі, у супрацьстаянне Расіі і ЕС ці Расіі і НАТА працягнецца ў тым ці іншым фармаце.

Тым больш гэтымі дзвюма праблемамі (паветраныя зонды і нелегалы на мяжы) канфлікт не абмяжоўваецца. Мы ведаем пра шпіёнскія скандалы з удзелам беларускіх спецслужбаў. Таксама існуюць падазрэнні, што Беларусь магла быць уцягнутая ў асобныя акты сабатажу на тэрыторыі еўрапейскіх краін, памятаем зусім нядаўнюю гісторыю з дронамі. Спектр праблем шырокі.

Таму, адказваючы на вашае пытанне — канчатковае рашэнне канфліктаў, нармалізацыя ў стасунках з суседзямі магчымыя толькі з усталяваннем трывалага міру ў рэгіёне. Інакш заўсёды будзе нейкі знешні фактар, які можа ўключыцца, каб гэтую нармалізацыю дэстабілізаваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)