«Кожную рэвалюцыю — нараджаем! У 2020-м нават блізняты атрымаліся. Яны мяне і ратуюць»
Пра адзіную нашу праблему, размовы на мяжы, затрыманне, содні і сённяшні пазітыў, «Салідарнасці» распавёў купалавец Зміцер Есяневіч.
— Зміцер, вы ў вымушанай эміграцыі ўжо больш за паўгады. Кажуць, што гэта самы цяжкі перыяд. Як вам?
— Для мяне эміграцыя таксама цяжкае выбранне, я ж вясковы чалавек, да апошняга ў Беларусі быў на вёсцы. Заўсёды ў маім жыцці існавала вёска, бабулін дом. Калі развітваліся з ёй, паплакалі абодва ў розныя бакі. Я ж да апошняга ёй нічога не казаў.
Я там і бетонамяшалку набыў, перфаратар, сварачны апарат, каб нармалёва працаваць.
Але прайшло паўгады і скажу, што ў мяне ўсё ў шакаладзе. У сэнсе я настроіў сябе жыць сённяшнім днём.
Дзеці — мае ратаўнікі. Першая дачка нарадзілася ў 2010-м, калі таксама было ўсё дрэнна: рубль абрынуўся, не было працы, рэвалюцыя не адбылася.
— Дык вы кожную рэвалюцыю нараджаеце! У 2020-м у вас нават блізняты атрымаліся.
— Так (усміхаецца). У 2020-м мяне выратавалі мае блізняты. Не далі мне сумаваць і зашмат думаць.
Зараз яны мяне таксама ратуюць. Бо выплаты па дзецям у Польшчы каля 200 даляраў на месяц на кожнага, да іх 18-ці гадоў. Жывеш у цудоўнай краіне, якая яшчэ дае магчымасць такім чынам пакрываць арэнду кватэры. А далей, як кажуць, нешта будзе. Так што гараваць няма калі.
Ды і насамрэч з намі тут няма ніякай бяды! Радуйцеся кожнага дня: жывыя ды на свабодзе. Дыхаем, дзеці бегаюць...
І я ж прыехаў на ўсё гатовае: калегі паз’яжджалі хто ў 2020-м, хто ў 2021-м, адзінкі ў 2022-м. Я ж з’ехаў нядаўна, калі тут усе ўжо ўсталяваліся і пачалі працаваць.
Я атрымліваю грошы на дзяцей, і мне прапануюць яшчэ розныя падпрацоўкі. І «Хайтак» мой на Белсаце застаўся, які я рабіў з 2019 па 2021. Засталіся «Чынчыны». І мо яшчэ з Вольнымі Купалаўцамі што сыграю. Яшчэ і «Радзіва Прудок» ёсць. То бок працую па прафесіі.
— «Радзіва Прудок» будзе ў траўні?
— Нават два спектаклі: будзе ў Гданьску і ў Варшаве.
«Мае 14 содняў я ім таксама не дарую»
— У траўні ж і гадавіна вашага затрымання. Што прыгадваеце сёння?
— Я ж не прасядзеў вялікі турэмны тэрмін, як іншыя. Ратуй Бог, не ведаю, як людзі гэта вытрымліваюць. Але і мае 14 содняў я ім таксама не дарую. Ні за што ў свеце, бо гэта таксама было маё жыццё.
З таго часу пачаў нават нешта запісваць, можа калі якая кніга атрымаецца, ці п’еса выпаўзе з той камеры. Дарэчы, на Акрэсціна я меў чатыры камеры, і сёння, канешне, памятаю ўсё, што адбывалася. І герояў. Таму і запісваю.
— Вы столькі год пасля 2020-га, здавалася так лёгка, ездзілі туды-сюды, з Менска ў Варшаву ці Вільню, граць спектаклі ды на іншыя мерапрыемствы. У той жа час на мяжы вас выклікалі на сур’ёзныя размовы. У выніку затрымалі на 14 содняў, а пасля адпусцілі.
Мо хто пытаўся, даруйце, але ж у некаторых гэта ў галовах: ці не засланы вы казачок?
— Мне яшчэ ніхто гэтага не прад’явіў з гэтага боку. І я не лёгка хадзіў на суразмоўя на мяжы. Першы раз падумаў, што забяруць, а потым — што гэта ў іх праца такая. Бо на гэткія гутаркі ходзяць неблаганадзейныя, украінцы і тыя, хто вучыцца ў Польшчы ці Літве. То бок такая працэдура.
Думаў, што гэта будзе працягвацца бясконца. Але ж яны адчуваюць, каму страшна — вось тых «даядаюць» да канца. У мяне ж у мабільніку нічога ніколі не было, нават фэйсбука ці інстаграма, ніякіх звестак. Казаў: «Шукайце, што хочаце».
Мяне губопік вёз тады ды казаў: «Б.. у него ни хера нету в телефоне!».
— Але ж адзін ваш шматгадовы «Чынчын» — ужо можна падвесці пад «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь»...
— І так: мне на допыце адразу прад’явілі і за «Чынчын», за Купалаўскі і за «Белсат».
— І вы ж, напэўна, тады падлічылі ў галаве на колькі год гэта цягне?
— Ну так, мне тады дакладна сказалі, что з Акрэсціна я еду ў следчы камітэт і там будзе допыт. Але ў іх нешта перайгралася, сказалі, што «мы зараз вас адпускаем і чакайце званка з СК». І я ўвесь месяц, калі мне трэба было закрыць пытанні, чакаў. Адзінае, калі можна было жыць — гэта субота і нядзеля, таму што ніхто не працаваў.
— Як можна жыць там месяц пасля такога?
— Як можна жыць там чатыры гады пасля 2020-га? І зараз не разумею сябе...
Чаму мяне выпусцілі? Падумаў, што, напрыклад, яны рыхтуюць з мяне таго, хто б быў на іх баку. Але калі ўяўляў, што мне прыйдзецца даваць інтэрв’ю Маркаву, аж ванітаваць хацелася.
Думаў, што мо гэта такая няжорсткая вярбоўка. Маўляў, адпусцім, пагуляеш, у цябе ж тут кватэра новая і дзеці — нікуды не дзенешся. Мне ж і кантакты далі: «Звані калі што, ці пішы».
— Ну так, і Алег Гарбуз і Сяргей Чуб нам распавядалі, як іх спрабавалі вербаваць...
— Мне тады яшчэ сказалі: «Калі б ты сядзеў на срацы роўна — цябе б ніхто не чапаў. А ты вельмі часта пачаў ездзіць за мяжу, таму і звярнулі ўвагу».
А ў мяне быў «Чынчын», і я кожны раз прыязджаючы, думаў, што трэба казаць на мяжы. Але на першай жа размове тое, што я прыдумляў, папросту пасыпалася, і я нешта там сваё мямліў.
— Ведаю прыклады, калі з мяжы наўпрост у кайданках везлі ў СІЗА.
— Гэта ж мой варыянт.Толькі не ў сіза,а ў ГУБОПіК. Надзелі кайданкі і павезлі, а ўсе там на мяжы стаялі, палілі і глядзелі на гэта ўсё з вачыма па пяць капеек...
Мне ж нават не далі выехаць з Беларусі. А я тады ехаў на здымкі.
— Але ж даволі хутка выпусцілі і не прыйшлося пераходзіць мяжу праз дрыгву, як распавядала нам Надзея Сцепанцова.
— Не. А наконт «ці засланы я казачок» — адкажу, што не. А калі будзе нагода — шукайце доказы, калі хочаце мяне зрабіць «не такім». Шукайце ў архівах.
Па трэцяе, магу сказаць, што на «Белсаце» ёсць шоу «Паліграф», дзе і я ўдзельнічаў. Не так доўга, як на сапраўдным паліграфе, але ж можа паўтары гадзіны я адказваў на розныя пытанні.
«На мяне і стаўкі рабілі ў Беларусі: «Як толькі Сеню забіраюць — усё, я валю!»
— Калі шчыра, то калі ездзіў з Менска ў Еўразвяз, разлічваў на тое, што ў 2020-м быў хаос. У 2021-м я ж здымаўся ў «Песнярах» і быццам легалізоўваў сябе за кошт гэтых здымкаў. Бо ў тэатры працаваць было нельга і вось зараз гэты серыял, я працую і быццам усё ў парадку.
Потым пачынаецца вайна — і зноў хаос, нібыта не да мяне зараз. Гэта ж быў мой такі разлік. Я разумеў рызыку, але ж...
— І Лукашэнка на пачатку казаў: гэтых Купалаўцаў не чапайце, хай маюць свой даляр.
— Так, і на гэта разлічваў: «іх хазяін сказаў», а астатнія ж ловяць яго міміку, брыво, рукой павёў не ў ты бок... Але ж калі пачалі сістэмна ездзіць за мяжу — то тады трэба і чысціць.
І насамрэч на мяне стаўкі рабілі, тыя, хто заставаліся ў Беларусі: «Як толькі Сеню забіраюць — усё, я валю!»
«І гэта не будзе дыплом, які нікому не патрэбны. Гэта нармалёвы, «котирующийся» дакумэнт»
— Вы казалі, што выплаты па дзецям пакрываюць арэнду польскай кватэры. Дзе вы яе знайшлі за 600 даляраў? І ці ёсць нагода ісці на нейкія падпрацоўкі, як робяць вашы калегі па тэатру?
— Думаю, што трэба жыць, як цыганскі барон, які будзе збіраць грошы з усіх. Дзеці мне ўжо даюць грошы, а жонку адпраўлю на працу (усміхаецца). І буду жыць творчасцю.
— Цікава было б зараз убачыць выраз твару вашай жонкі. І пугу ў яе руцэ (смяемся). І нешта вы адразу прымоўклі...
— Нічога-нічога, яна ў мяне зараз гатуе... Ну, слухайце, «Бядронка» пад бокам — усё ў парадку. Як што, некуды ж можна будзе пайсці.
Дачцэ кажу: вучыся, у яе зараз узмоцненая польская мова ды матэматыка. А калі што — пойдзеш на касу. Якая розніца!
Як некалі мяне ў вёсцы пужалі: «Вучыся, бо будзеш каровам хвасты круціць!»
Але ж насамрэч кажу, што «табе выпаў такі лёс — вучыцца за мяжой, у Еўразвязе!» І дачка, дарэчы, ведае ангельскую мову. То бок зараз адкрываюцца шляхі! І гэта не будзе дыплом, які нікому не патрэбны. Гэта нармалёвы, «котирующийся дакумэнт»... То бок кажу ёй такія натхняльныя словы, і яна разумее пра што.
«Ты наўпрост бярэш дзяцей, едзеш на вёску і пакідаеш сваю любімую жанчыну адну. І яна такая шчаслівая!»
— Пасля пераезду з Беларусі вам з дапамогай Байсола збіралі грошы, атрымалася больш за 6 тысяч эўра. Ці хапіла і якая зараз галоўная складанасць?
— Так, усім дзякуй вялікі за водгук, нават не думаў што атрымаецца.
А складанасць — думкі пра тое, што хутка пачнецца лета, а ў мяне няма ні дома свайго, ні зямлі. Толькі кватэра ў арэнду. Але думаю, што я выбяруся з гэтага становішча, што-небудзь ды прыдумаю.
І я дарэчы з’ездзіў у польскія Малыя Азераны на мяжы з Беларуссю, калі пабачыў інфармацыю, што там дамы раздаюць і зямлю.
Мы туды з’ездзілі, глянулі — звычайная Польшча-Беларусь. Але ж галоўнага на месцы не было і толькі пабачылі стражаў гранічных (польскіх памежнікаў — С.) Яны нават нас апыталі, што мы тут робім і навошта.
А яшчэ мы бачылі той новы плот на мяжы з Беларуссю. Праз той плот і Беларусь бачная, і ейная бліжэйшая вёска.
— Але ж пісалі, што ў тым мястэчку нават дарог няма, ня тое, што інтэрнэту...
— А, ну так. Там такая нават не гравійка, а пясчаная калея.
— І што вам жонка на гэта сказала?
— Ну пры чым тут жонка! Я ж гаспадар свайго жыцця (смяецца). Яна гарадская і не любіць такое.
— Мо з трыма дзецьмі вы ўжо і не зусім гаспадар свайго жыцця?
— Ну, гэта так. Але калі нармалёвая краіна, і ў цябе ўсё ў парадку, ты наўпрост бярэш дзяцей, едзеш на вёску і пакідаеш сваю любімую жанчыну адну. І яна такая шчаслівая!
Я і на тыдзень з’яжджаў, і на два. Бо разумею, што такое маленькія дзеці. Бацька гэта ж не той, хто пайшоў на працу і яго ніхто не бачыў, бо ён грашыма адкупаецца. Бацька той, хто дзень і ноч побач.
І жонка вельмі шчаслівая, шо мы з’ехалі з Беларусі, бо скончыліся чатырохгадовыя перажыванні, што «цябе пасодзюць і што ты робіш, і навошта ў тую Еўропу ездзіш?»
«Можа гэта такі шлях, каб перерадзіцца — прайсці ўсе стадыі хваробы?»
— Дзеці пасля пераезду ў Польшчу хацелі зноў у Менск?
— Так, пару разоў Федзька казаў «хачу дадому, там цацкі засталіся». На што я адказваў: не рві мне сэрца, будзем жыць тут. І вёскі таксама няма, забудзь.
А Стэфанія наша — нават не ведаю, што за душа прыйшла ў гэты свет. Яны нарадзіліся ўдваіх і абсалютна розныя людзі, у кожнага свой характар. Гэтая дзяўчынка ні на што не крыўдзіцца, яна самая мудрая з тых, каго я бачыў. І я нават думаю: «Божа, як табе цяжка будзе ў гэтым свеце жыць праз сваю маленькую свабоду!»
Шкада дзяцей, бо зараз у свеце здурнела ўсё настолькі, што нейкі жах.
— Мо вы разважалі са сваім пачуццём гумару: што б сказаў ваш купалаўскі Чычыкаў з «Рэвізору» ці Мікалай Сяргеевіч з «Чынчыну» на падзеі ў Беларусі і тое, што адбываецца ў свеце?
— Мікалай Сяргеевіч, як канфарміст, выкручваўся б: «А што адбываецца ў Беларусі? Усё харашо! Усім усё нравіцца, а вам што — не? Работа, машына есть, картошку пасеялі — і ўсе давольны. 1 мая шашлык!»
Адно што б ён мог дадаць — «Ісчыця новыя долары, штобы ў абменніках прынімалі! Скупайце сінія долары!»
А што тычыцца Гогаля і яго «Мертвых душ», то ён напісаў зараз усім нам зразумелую фразу: «Господи! Что ж за страна такая — одни идиоты». Здаецца, увесь свой боль у яе уклаў.
Ён жа бачыў тое, што і мы зараз. І нармалёваму чалавеку ўсё гэта жахліва. Таму ён і з’яжджаў у Італію, дзе пісаў свае творы.
А беларусы ўсё ж такі іншыя. І тое, што з’ехала шмат людзей, вельмі паказальна. І яны яшчэ едуць і з’яжджаюць.
Эліта з’ехала, як я жартаваў з Міхасём Зуём: «Разумееш, мы з табой з’ехалі і завозяць пакістанцаў. Бо там сапраўды пачынаюцца праблемы».
Беларусы насамрэч акуратны, спакойны, міралюбівы народ, які сам дзеля сябе ўсё зробіць. І ў якога і культ працы ёсць, і культ продкаў.
І што ўвогуле здарылася, каб мы пражылі такое гора, не разумею — навошта?
Адзіная наша праблема — Расея збоку. Можа гэта такі шлях, каб перерадзіцца — наогул прайсці ўсе стадыі хваробы? Але ж напрыканцы ўсё пераадолець і вырасці здаровымі і самастойнымі.
Читайте еще
Избранное