Общество

Любоў да робатаў. Гісторыя посьпеху беларускай прафэсаркі ўнівэрсытэту Цюрыху

Прафэсарка Юлія Сандамірская расказала Свабодзе пра сваю групу ва ўнівэрсытэце прыкладных навук у Цюрыху, пра розьніцу паміж беларускай і заходнімі навуковымі школамі, а таксама ці можа Беларусь стаць такой жа «краінай для жыцьця», як Швайцарыя.

Юлія Сандамірская, фота з прыватнага архіву

Беларуска Юлія Сандамірская стала ляўрэаткай першай незалежнай навуковай прэміі «Бізон Гіґс» у галіне дакладных і прыродазнаўчых навук сярод беларускіх навукоўцаў.

Зараз яна ўзначальвае дасьледчы цэнтар «Кагнітыўныя вылічэньні ў навуках аб жыцьці» Цюрыскага ўнівэрсытэту прыкладных навук (ZHAW), а фізыкай захапілася ў звычайнай школе менскага Заводзкага раёну.

Атачэньне кніг Перэльмана

Юлія кажа, што ёй было наканавала стаць фізыкам. Бацькі — фізыкі, брат таксама стаў фізыкам. Дзяўчынка расла ў атачэньні кніг фізыка і пісьменьніка Якава Перэльмана, «Большой Советской энциклопедии». Вучылася ў 25-й менскай школе ў Заводзкім раёне з паглыбленым вывучэньнем ангельскай мовы і «асаблівым духам фізыкі».

Прызнаецца, што самае галоўнае, што ёй дала школа, — упэўненасьць у сваіх магчымасьцях, павагу да навук, культураў, прагрэсіўны погляд на сьвет і ангельскую мову.

«У нас было школьнае братэрства, мы абіралі прэзыдэнтаў зь першых клясаў, я двойчы была прэзыдэнткай клясы, міністаркай. Школа трымалася дэмакратычных каштоўнасьцяў. Ад гэтай школы я ў праграмах абмену езьдзіла ў Нарвэгію, Ангельшчыну і Злучаныя Штаты.

У 11-й клясе два з паловай месяцы вучылася ў амэрыканскай школе, амэрыканцы прыяжджалі да нас. Гэта адкрыла мне погляд на сьвет. Плюс у нас былі надзвычай добрыя настаўнікі», — прафэсарка з удзячнасьцю ўзгадвае сваю школу.

Юлія ўдзельнічала ў шматлікіх алімпіядах у фізыцы, матэматыцы, ангельскай мове. Пасьля алімпіяды ў фізыцы трапіла ў спэцыяльную клясу 51-й менскай школы, дзе выбітны прафэсар-фізык Міхаіл Сянюк рыхтаваў таленавітых вучняў на нацыянальную алімпіяду.

«Гэтых паўгода мне хапіла, каб зразумець, што такое сапраўдная фізыка. У звычайнай школе было 2 урокі фізыкі на тыдзень, усё было стандартна, сумна, нецікава. А ўрокі Сенюка дазволілі зразумець, што такое навука, што такое навуковы погляд на сьвет, наагул задацца пытаньнем: а як яно ўсё працуе?

Там была асобная тэма оптыкі — пра сьвятло, як яно распаўсюджваецца, як узаемадзейнічае з матэрыяй. Гэта быў першы досьвед таго, што фізыка — надзвычай цікавая навука», — апавядае яна.

Юлія Сандамірская, кіраўнічка даследчага цэнтру «Кагнітыўныя вылічэньні ў навуках аб жыцьці» Цюрыхскага ўніверсітэта прыкладных навук (ZHAW)

Школу Юлія скончыла з залатым мэдалём. Кажа, што паступаць на фізфак у БДУ ня вельмі хацела — маўляў, даволі ўжо фізыкаў у сям’і. Думала пайсьці на міжнародныя адносіны або ў мэдыцыну. Але калі ўсе рыхтаваліся да ўступных іспытаў, яна акурат вучылася ў Амэрыцы, таму пайсьці на фізфак было самае простае. Як мэдалістка здавала адзін профільны іспыт.

«Фізфак насамрэч у нас — надзвычайны! Выбрала спэцыялізацыю фізычная оптыка, пайшла сьлядамі брата. Фізычная оптыка — гэта ўзаемадзеяньне сьвятла з матэрыяй, гэта сапраўды цікава. Хоць мяне вабіла больш біяфізыка — навука пра жыцьцё, пра тое, як уладкаваныя біялягічныя сыстэмы», — расказвае Юлія.

Ні разу не пашкадавала

Што да мары паступіць на факультэт міжнародных адносінаў, яна зьявілася падчас паездак у Амэрыку і Ангельшчыну яшчэ ў школе.

«Мы прадстаўлялі сваю краіну. Наш абмен быў на дастаткова высокім ўзроўні, і мы задаваліся пытаньнямі пра ўладкаваньне сьвету, пабудову адносінаў паміж краінамі — такая шахматная дошка. Мне было цікава, як працуюць людзі, як адбываецца дыялёг, камунікацыі, як можна ўплываць, як пераконваць…

Калегі, якія вучыліся на факультэце міжнародных адносінаў, пазьней апавядалі, што там шмат чаго непатрэбнага выкладалі. Адна мая знаёмая казала, што пасьля ФМА можна стаць добрай гувэрнанткай, бо там вучылі дыпляматычным манэрам, падыходам. Так што я ні разу не пашкадавала, што стала фізыкам», — прызнаецца Юлія.

Ангельская мова пасьля паездак у рамках абмену ў ЗША і Англію ў дзяўчыны была добрая, яна вырашыла вывучыць нямецкую з нуля. І даволі хутка — на другім курсе — здолела здаць тэст, бо ў БДУ была праграма абмену зь нямецкімі ўнівэрсытэтамі. А каб туды трапіць, трэба было здаць тэст у граматыцы. Здала яго і трапіла ў групу рыхтаваньня да абмену.

«Нямецкая мова мне „зайшла“, яна такая лягічная. Да таго ж мне пашанцавала зь вельмі добрым настаўнікам. Я потым бачыла, як вывучалі немяцкую ў Нямеччыне, сама таксама хадзіла на моўныя курсы. І зразумела, што ў мяне быў выдатны настаўнік.

Гэта было на 4 курсе. На той момант я была ўжо замужам і зь дзіцем! Вось такая я хуткая!» — усьміхаецца Юлія.

Юлія Сандамірская падчас выступу на адной з канфэрэнцый, фота з прыватнага архіву

Гендэрнае пытаньне ў Акадэміі навук

Пасьля вывучэньня нямецкай Юлія Сандамірская прыехала ў горад Бохум, ён у Рурскім каменнавугальным басэйне, такі нямецкі аналяг Данбасу. Рабочы горад, вельмі разбураны падчас Другой усясьветнай вайны, хутка адбудаваны, непрыгожы — але беларусцы Бохум спадабаўся.

«А калі я трапіла ў лябараторыю — гэта было проста „ваў!“: колькі там рэсурсаў, колькі ўсяго, ніхто не эканоміць прабірак, новыя прылады — усё на зусім іншым узроўні! Пагатоў было з чым параўноўваць», — эмацыйна кажа Юлія.

Яна згадвае таксама, што ў Акадэміі навук Беларусі, дзе яна рабіла бакалярскую працу, мела непрыемны досьвед, калі адзін прафэсар не захацеў ўзяць Юлію з тае прычыны, што яна «дзяўчынка».

«Ён быў гатовы ўзяць каго заўгодна, толькі не „дзяўчынку“ — бо ў яго сур’ёзная тэарэтычная праца. Я была выдатніца, а ён узяў хлопца — троечніка. Потым пашкадаваў, мяне паклікаў, даў экспэрымэнтальную працу. Бо тэарэтычная для дзяўчыны — „ня вельмі“. Так што ў Беларусі ў мяне быў жудасны нэгатыўны досьвед. А ў Нямеччыне я не адчувала, што мяне хтосьці кудысьці не бярэ, таму што я дзяўчына. І абсталяваньне мяне таксама ўразіла», — апавядае яна.

Тры працы і зноў вучоба

Юлія ў Менску абараняла бакалярскую працу, адначасова паступіўшы ў Бохумскі ўнівэрсытэт.

«У мяне быў вельмі цяжкі год, калі я паступіла ў магістратуру ў Нямеччыне, а пры гэтым давучвалася яшчэ ў Менску. Я езьдзіла туды-сюды раз у адзін-два месяцы, у мяне была маленькая дачка. З мужам на той момант ужо ня склалася, ён зьехаў у іншую асьпірантуру. Працавала на трох працах. Урэшце атрымала магістарскі дыплём у кароткі тэрмін — за год», — расказвае Юлія.

Разьмеркаваньня ў Нямеччыне, адрозна ад Беларусі, няма. Беларуска выслала дакумэнты ў некалькі навуковых цэнтраў, у тым ліку і ў лябараторыю Інстытуту квантавай оптыкі Таварыства Макса Плянка, дырэктар якога тады ж, у 2005 годзе, атрымаў Нобэлеўскую прэмію. Езьдзіла на інтэрвію ў мюнхэнскі Інстытут квантавай оптыкі. Але вырашыла застацца ў Бохуме.

«Там быў вельмі цікавы Інстытут нэўраінфарматыкі. Але я ня ведала ані што такое „нэўра“, ані што такое „інфарматыка“. Мяне ўзялі на вельмі добрую пасаду.

Таму інстытуту я вельмі ўдзячная, ён міждысцыплінарны — там людзі займаюцца і навукамі аб мозгу, і навукамі аб паводзінах людзей — псыхалёгіяй, кагнітыўнымі навукамі, а таксама і разьвіцьцём тэхналёгіяў — штучным інтэлектам, робататэхнікай. Усім, што зараз модна. А гэта быў 2005 год і там гэта ўсё ўжо было», — тлумачыць Юлія Сандамірская.

Супраца зь беларускім Інстытутам кібэрнэтыкі

Яна часта езьдзіла на навуковыя канфэрэнцыі, шмат працавала Выйшла замуж другі раз, нарадзіўся сын. Скончыла асьпірантуру на «выдатна». Засталася ў гэтым жа інстытуце «будаваць» сваю групу, хоць звычайна пасьля асьпірантуры едуць ў іншае месца.

«Але мне не ўдалося, бо былі двое малых дзетак на руках. Мне стварылі спрыяльныя ўмовы, была свая група, мы атрымлівалі свае гранты. Займаліся дасьледаваньнямі, будавалі мадэлі працы мазгоў і выкарыстоўвалі гэтыя веды для кіраваньня робатамі», — узгадвае беларуска.

Потым Юліі Сандамірскай прапанавалі паехаць у Цюрых, у вядомы інстытут з такім жа назовам, як і ў Бохуме, — Інстытут нэўраінфарматыкі. Там распрацоўваюць новыя чыпы, працэсары для паскарэньня штучнага інтэлекту робатаў.

«Мы там займаліся робатамі — маленькімі, зь вельмі энэргазьберагальнымі чыпамі. У гэты час я падтрымлівала сувязі зь беларускімі навукоўцамі ў Інстытуце кібэрнэтыкі АН, якія займаліся робататэхнікай на вельмі прыстойным узроўні, тэорыяй інтэлектуальных сыстэмаў, сыстэмаў аўтаматызацыі. Мы нават напісалі праект і атрымалі невялікі грант — больш для абмену, каб маглі езьдзіць адно да аднаго. Гэта было, натуральна, да 2020 году.

То бок самародкі, навукоўцы, якія рабілі годную працу на міжнародным узроўні, у Менску былі. Я падкрэсьліваю — былі, цяпер іх ужо няма ў Менску, яны працуюць за мяжой», — з сумам гаворыць Юлія.

Наступны крок — прафэсура

У Швайцарыі і Нямеччыне гэта дастаткова складана, вялікая канкурэнцыя, стараюцца браць кагосьці мясцовага, прызнаецца Юлія. І хоць Сандамірская стала даволі вядомым навукоўцам у сваёй галіне, але і яна сутыкнулася зь цяжкасьцямі. У той час сустрэла групу ў сваёй тэме з Intel (кампаніі, якая вырабляе працэсары для кампутараў).

Яна пераехала ў Мюнхэн, але пачаўся ковід, і ствараць группу стала складана, не было як наняць супрацоўнікаў даўжэй чым на год, сустрэцца з калегамі ў ЗША. Але паступова ўсё ўдалося арганізаваць, Юлія працавала так два з паловай гады.

Але яна хацела рухацца далей, займацца ня толькі чыпамі, але і робатамі, робататэхнікай — ствараць робатаў, якія будуць рабіць штосьці карыснае для людзей. У выніку беларуску запрасілі ва Ўнівэрсытэт прыкладных навук Цюрыху.

«Мне спадабалася, што гэта менавіта Ўнівэрсытэт прыкладных навук, бо займацца чыстай навукай мне стала ўжо нецікава — хочацца ствараць тэхналёгіі, сапраўды карысныя ў гаспадарцы — у літаральным сэнсе слова. Інстытут, куды я трапіла (Institute of Computational Life Sciences), вельмі сугучны ўсёй маёй папярэдняй кар’еры — тут займаюцца кагнітыўнымі біялягічнымі сыстэмамі.

Таму я вырашыла ўзяцца за гэтую прафэсуру, пабудаваць навуковую лябараторыю і адтуль ужо стартаваць з кампаніяй, якая будзе займацца вытворчасьцю робатаў для дапамогі людзям з абмежаванай мабільнасьцю ці сталага веку. У нас 4 незалежныя групы, якія займаюцца рознымі аспэктамі штучнага інтэлекту і выкарыстаньнем біялягічных сыстэмаў», — узгадвае Юлія.

Робаты і людзі

Навуковая група Сандамірскай распрацоўвае робатаў для дагляду за людзьмі з абмежаванай мабільнасьцю. У Швайцарыі, вядома, ёсьць магчымасьці дапамагаць такім людзям, але гэта даволі дорага.

«Для пачатку гэта будзе робат, здольны выконваць невялікія задачы па доме: ён у нечым падобны да робата-пыласмока, але крыху вышэйшы, мае руку-маніпулятар, можа нейкія рэчы падняць з падлогі, дастаць з паліцы, прынесьці, прадэзынфікаваць паверхню.

У пэрспэктыве робат зможа накрыць на стол, прыбраць са стала. А вось каб, напрыклад, дапамагчы чалавеку ўстаць з ложка, перасесьці ў інвалідны вазок, некуды дайсьці — гэта навуковая задача, якую мы зараз пачынаем разьвязваць. Ёсьць тэхналягічныя складанасьці, каб вырашыць гэтую праблему бясьпечна для чалавека, бо робат — усё ж такі машына», — Юлія тлумачыць, чым цяпер займаецца яе навуковая група.

Як жанчына з двума малымі дзецьмі за мяжой без дапамогі бабуляў-дзядуляў за кароткі час зрабіла такую навуковую кар’еру — стала прафэсарам? Як удалося сумяшчаць мацярынства і навуку?

«Я таксама не ўяўляю, і ніхто не ўяўляе. У нейкі момант з другім мужам у мяне таксама ня склалася: я ўся была ў працы, а муж-немец не разумеў, дзеля чаго гэты стрэс. І я засталася адна з двума малымі дзецьмі. Дзіцячыя садкі ў Нямеччыне — так сабе. Дзіця трэба забіраць, а 16-й, у мяне ў гэты час самы разгар працоўнага дня. Ты прыбягаеш па дзіця, а яно там адно, супрацоўніца незадаволена пазірае на гадзіньнік.

Вядома, было цяжка, але куды падзецца з падводнай лодкі? Бярэш сябе ў рукі — і наперад! Гэта вельмі дысцыплінуе. З часам робіцца лягчэй, калі дзеці ўжо самі ў школу езьдзяць, самі штосьці могуць вырашаць — вызваляецца час, а ты ўжо прызвычаілася працаваць у такім жорсткім рытме. І павышаецца эфэктыўнасьць, напэўна, больш, чым было б безь дзяцей. Зараз яны вырасьлі, зьявілася столькі вольнага часу — што зь ім рабіць?»

Дачцэ Юліі 21, сыну 17. Дачка вучыцца ў Цюрыху ў Фэдэральным Інстытуце тэхналёгіяў, займаецца матэматыкай і крыху фізыкай.

«Сын яшчэ вырашае, чым будзе займацца, ён у нас збольшага чалавек мастацтва, ня хоча ісьці ў навуку: бачыў, колькі трэба працаваць, ён ня хоча такога жыцьця. Яшчэ мае крыху часу, каб вызначыцца», — кажа Юлія.

На стадыёне зь бел-чырвона-белым сьцягам

Апошні раз у Беларусі Юлія Сандамірская была летам 2023 году, калі памерла яе бабуля. З той пары на радзіму больш ня езьдзіла. Бо неяк «засьвяціліся» у тэлеэфіры зь бел-чырвона-белымі сьцягам на стадыёне швайцарскага Санкт-Галену, дзе праходзіў футбольны матч паміж Беларусьсю і Швайцарыяй.

«У нас некалькі дыяспараў, мы сустракаемся, ладзім акцыі, канцэрты, сустрэчы. Мы далучыліся да праваабарончай арганізацыі LIBERECO, якая займаецца беларускім пытаньнем ужо даўно, з году 2010-га. Яны раздавалі флаеры і тлумачылі, што Беларусь, вядома, прайграе, бо гэта ня першая каманда — зь першай палова людзей сядзіць у турме, а другая палова вымушаная зьехаць.

Ну, а мы прыйшлі пазаўзець за сваіх са сьцягам. Апэратары нас зьнялі і паказалі акурат падчас выкананьня гімну Беларусі. Мне даслаў фота з тэлевізара ўнівэрсытэцкі калега: „Ваў, Юля, вы на стадыёне, як клясна!“ І я зразумела, што ў Беларусь пакуль мне ехаць ня варта», — кажа Юлія і жартуе, што фота спадабалася таксама ГУБАЗіКу, які штосьці пісаў у «Жоўтых зьлівах», але яна такога не чытае.

Зьнішчэньне чалавечага патэнцыялу

У Беларусі была дастаткова добрая школа ў дакладных навуках — матэматыцы, фізыцы, мяркуе Юлія. Але гадоў 10 таму ў Нямеччыну ў магістратуру да Сандамірскай у межах абмену прыехала дзяўчына зь фізфаку БДУ, і Юлія зразумела, што факультэт ужо ня той.

«Я ўжо не кажу пра апошні час, калі многія прафэсары, выкладчыкі былі звольненыя ці самі мусілі сысьці, зьехаць за мяжу. Акцэнт ужо ставіцца не на вырошчваньні навуковых супрацоўнікаў, а недзе ў іншым месцы. Людзі, якія ўсё жыцьцё прысьвяцілі навуцы, навучаньню студэнтаў, аказаліся нікому не патрэбнымі. Тое, што праз рэпрэсіі зьнішчаецца чалавечы патэнцыял — гэта проста злачынства!» — перакананая Юлія.

Да таго ж, дадае суразмоўца, навука ня можа разьвівацца ў закрытай прасторы. Для навукоўцаў важна езьдзіць на канфэрэнцыі, мець доступ да навуковых часопісаў. Трэба дамаўляцца, каб да іх быў бясплатны доступ, інакш гэта вельмі дорага, мяркуе прафэсарка.

«Сыстэма закрываецца, узьнікае такі ж страх, які быў у Савецкім Саюзе. Дзяржава ня хоча, каб дзеці ехалі вучыцца за мяжу, каб быў абмен навукоўцамі. Гэта вельмі небясьпечны працэс, мы, фізыкі, ведаем, што закрытай сыстэме наканаваная сьмерць. З аднаго боку, ёсьць надзея, што яна сама хутка загнецца. З другога боку, маем яскравы прыклад Паўночнай Карэі. Таму расслабляцца ўсё адно нельга. Але ня маю сумневаў — ня можа не зьмяніцца сытуцыя. Гэта справа часу», — перакананая прафэсарка.

Краіна для жыцьця

У краіне для жыцьця найбольшая каштоўнасьць — чалавек, жыцьцё і правы чалавека: дабрабыт, права на адукацыю, на ахову здароўя, асабістыя правы і свабоды, а ня нейкая абстрактная радзіма ці абстрактныя мэты, якія дасягаюцца ў імя лепшай будучыні, — тлумачыць беларуска, якая 10 гадоў пражыла ў Нямеччыне і 10 у Швайцарыі.

«Галоўнае — гэта чалавек, грамадзяне тваёй краіны. Калі для пэўнай часткі людзей у краіне створаны цудоўны рай, а пры гэтым ёсьць пэўны працэнт людзей, якія ні за што ні пра што лічаццца ізгоямі, калі людзі сядзяць у беларускіх турмах у жудасных умовах і зь імі так жорстка абыходзяцца, то штосьці ў гэтай краіне ня так. У Беларусі карцінка, можа, і прыгожая, але штодзённае жыцьцё цяжкае ўва ўсіх.

Мяркую па сваіх знаёмых у Беларусі, для якіх жыцьцё — вечнае змаганьне. У школе і ВНУ спрэс ідэалёгія, вельмі мала асабістых свабодаў. І табе заўсёды даводзяць, што „я“ — апошняя літара ў альфабэце, твая думка нічога ня вартая», — кажа Юлія.

Суразмоўца дадае, што, на яе думку, беларуская дзяржаўная сыстэма кіруецца мафіёзнай сілавой структурай, большая частка бюджэту ідзе на падтрыманьне сілавікоў: міліцыянтаў, вайскоўцаў, спэцслужбаў, КДБ, АМАПу, ГУБАЗіКу.

«Калі б усе рэсурсы, якія ёсьць у Беларусі, усе падаткі, якія плаціць народ, ішлі б на пабудову рэальнай краіны, Беларусь магла быць краінай, ня горшай за Швайцарыю. Нягледзячы на брак гор.

У нас вельмі шмат выбітных людзей. Беларусы цудоўныя. І за мяжой ведаюць, што беларусы адрозьніваюцца ад расейцаў або ўкраінцаў.

Беларусы — асаблівая нацыя, людзі вельмі ветлівыя, паважлівыя, працаздольныя і дасягаюць вялікіх вяршыняў», — мяркуе беларуская прафэсарка-фізык Юлія Сандамірская.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)