«Маёўкі, дошкі гонару — такія рэлікты савецкай стабільнасці, якую ў спадчыну ўзяла лукашэнкаўская дзяржава»
Филин пагутарыў з магістаркай сацыялогіі Аленай Агарэлышавай пра змест і ідэалагічную афарбоўку Першамая, чаму проста святкаваць не выпадае і калі ў Беларусі лопнула мыльная бурбалка дзяржаўнага прафсаюза.
Першае мая, альбо Дзень працы, да сёння адзначаецца ў шмат якіх краінах свету. Але дзесьці гэтая дата амаль пазбаўленая гістарычнага зместу і ўспрымаецца хутчэй як дадатковы выходны і свята вясны, дзесьці прафсаюзныя актывісты выходзяць на мітіынгі, а дзесьці адкрываюць абноўленыя дошкі гонару.
Беларусь прынамсі ў ліку гэтых апошніх. У нашай краіне Першамай — масавыя гулянні, савецкія заклікі, маёўкі-канцэрты і ўшанаванні ветэранаў працы і цэлых дынастый.
Чыноўнікі кажуць пра тое, што праўладная Федэрацыя прафсаюзаў забяспечвае «гарантыі, ільготы, камфортныя ўмовы працы». Але чаму тады ў краіне ўзнік кадравы дэфіцыт, закрыць які спрабуюць пенсіянерамі, непаўнагадовымі, замежнымі работнікамі — і ўсё не могуць?
Чаму праца з права і «найбольш годнага спосабу самасцвярджэння», як гэта пазначана ў Канстытуцыі, ператварылася ў абавязак і прымус (прыгадаем «спісы дармаедаў», мізерныя выплаты і падвышаныя кошты ЖКХ для людзей, якія афіцыйна не працаўладкаваныя)?
Пра тое, ці актуальны сёння пасыл рабочых XIX стагоддзя, якая сітуацыя з правамі працоўных і іх абаронай у краінах Еўропы і ў Беларусі і пра што варта яшчэ раз згадаць да Дня працы, Филин пагутарыў з магістаркай сацыялогіі, гендарнай даследчыцай і сузаснавальніцай Фемгрупы Беларусь Аленай Агарэлышавай.
— Афіцыйна Дзень працы лічыцца дзяржаўным святам у многіх еўрапейскіх краінах. Па вашым досведе, які змест у яго сёння?
— Ёсць пэўныя пратакольныя мерапрыемствы да Дня працы, бо гэта дзяржаўнае свята, ладзяцца мітынгі прафсаюзаў, выходзіць шэраг артыкулаў пра дасягненні і праблемы з працоўнымі правамі. Але для большасці людзей, як я бачу, гэта хутчэй чарговыя выходныя, калі можна добра правесці час, а не абавязак выйсці на дэманстрацыю. То бок, грамадзяне Еўразвязу адмыслова не пазначаюць гэты дзень у календары, каб зрабіць нешта сімвалічнае.
У большасці еўрапейскіх краін 1 мая стала святочным прыканцы ХІХ стагоддзя, гэта быў сімвал паспяховай барацьбы за паляпшэнне ўмоў працы (8-гадзінны працоўны дзень, выплаты па хваробе). І для яе непасрэдных удзельнікаў і ўдзельніц свята дакладна было больш асабістым.
Сёння ж многія рэчы ўспрымаюцца як належнае. Разам з тым ёсць разуменне, што працоўныя правы — гэта базавыя каштоўнасці. У краінах Еўропы вялікая сетка незалежных прафсаюзаў, людзі могуць стварыць свій працоўны савет і на гэта не патрэбны дазвол працадаўцы.
Прынамсі ў Германіі ў шэрагу кампаній ёсць нават працоўныя стаўкі для прадстаўнікоў працоўнага савета ці прафсаюза, калі абраныя прадстаўнікі пэўны тэрмін займаюцца толькі абаронай правоў супрацоўнікаў — але кампанія ўсё адно гэты час мусіць плаціць ім заробак і не мае права іх звольніць. У параўнанні з беларускімі рэаліямі гэта выглядае раскошна.
Таксама што дзіўна для людзей, якія жывуць у Беларусі і прыязджаюць «у гэту вашу свабодную Еўропу» — можна прыехаць і высветліць, што, напрыклад, увесь грамадскі транспарт або чыгунка стаіць.
Не так даўно ў Берліне якраз быў страйк супрацоўнікаў аэрапорту, час ад часу здараюцца страйкі на грамадскім транспарце.
Усё гэта, вядома, робіцца паводле закону. Не знянацку вадзіцель чыгункі вырашае — о, нешта ў мяне нізкі заробак, спынюся я або ўеду ў слуп. Не, пра забастоўку паведамляюць загадзя, калі работнікі пэўных прафесій бачаць, што назапасіліся праблемы і няма іншых варыянтаў, як дамовіцца з працадаўцам. Заангажаваныя ў такім выпадку ўсе, але плюс-мінус спакойна ставяцца, таму што гэта не выглядае як штосьці ненармальнае, гэта спосаб адстойвання сваіх правоў.
— Варта дадаць, што такім чынам нямецкія транспартнікі, або літоўскія настаўнікі, насамрэч дамагаюцца вынікаў: улады падвышаюць ім заробкі, шукаюць кампрамісы. І, што асабліва ўразіць беларусаў, нікога ў выніку не саджаюць.
— Так, калі гэты страйк узгоднены загадзя і зладжаны па нормах — гэта цалкам законна і не будзе мець для ўдзельнікаў ніякіх наступстваў з гледзішча дзяржаўнага пераследу. У Германіі нават навіновыя каналы, медыі паведамляюць: калі ласка, пазначце сабе, што вось у такі перыяд не будуць хадзіць трамваі.
Зрэшты, дадае Алена Агарэлышава, гаворачы пра дасягненні ў сферы працоўных правоў у Еўропе, нельга забывацца на важнае «але». Пры ўсім прагрэсе і больш чым стогадовай гісторыі рабочай салідарнасці, для немалой колькасці людзей гэта недасяжна.
— Я кажу пра мігрантаў і мігрантак: тых, хто вымушаны працаваць без кантракта і належных дакументаў. Правы гэтых людзей ніякім чынам не абароненыя, бо яны нібыта ў ценю існай прававой сістэмы.
У многіх умовы працы далёкія нават ад базавых стандартаў: перапрацоўкі, начныя і выходныя змены без даплат, без бальнічных і г.д. І самая вялікая пастка — аплата цалкам залежыць ад сумленнасці працадаўцы. Калі вы дамовіліся нават на паперы, але без аніякіх кантрактаў, вельмі малыя шансы чагосьці дабіцца ў спрэчных сітуацыях.
Яшчэ адно «але», гаворыць наша суразмоўніца, палягае ў тым, што нямецкая эканоміка амаль не расце апошнія гады, праз гэта ў шэрагу сфер колькасць прапаноў і прывабных вакансій не такая вялікая, як у мінулыя гады. Таму многія неграмадзяне, у тым ліку беларусы, якім нельга вяртацца дамоў, трымаюцца за тую працу, што маюць, незалежна ад умоў.
— То бок, і сёння актуальнасць 1 мая як дня барацьбы за правы працаўнікоў захоўваецца, і рана ператвараць яго проста ў святочную нагоду?
— Мне падаецца, вялікая памылка казаць, што барацьба за правы — гэта вынік. Кшталту, мы змагаліся, дасягнулі і шчасліва жывем «усваім краю, як у раю». Гэта ніколі не так. Бо грамадства развіваецца, пэўныя сацыяльныя, культурныя, эканамічныя выклікі ўзнікаюць штодня.
Людзі, якія пачыналі барацьбу за працоўныя правы, нават не маглі ўявіць сённяшніх праблем — проста таму, што грамадства было іншае і час быў іншы. Цяпер 8-гадзінны працоўны дзень, хоць бы два выходныя на тыдзень — база, але ёсць, і будуць, іншыя выклікі, якія трэба вырашаць.
Таму барацьба за правы — гэта працэс, і святкаваць сканчэнне барацьбы заўсёды будзе рана.
І вельмі здорава, калі былі б працоўныя механізмы, каб трымаць руку на пульсе: адсочваць, што адбываецца з працоўнымі правамі ў розных сферах, у розных сацыяльных слаях.
— Вы слушна заўважылі, што час змяніўся і прыйшлі новыя выклікі. Але ад Першамая ў Беларусі адчуванне, што час закансерваваўся: усё тыя ж дошкі гонару, гулянні ад дзяржаўнага (і адзінага) прафсаюза, заклікі працаваць больш і лепш.
Пры тым з працоўнымі правамі, як і з іншымі, у беларусаў вялікія пытанні, праца ў нас — не права, а абавязак, а беспрацоўным не дапамагаюць, а цкуюць. Тады што, уласна кажучы, святкуюць?
— Мне падаецца гэта захаванне карцінкі стабільнай і, не пабаюся гэтага слова, савецкай краіны, бо вельмі шмат адсылак да часоў Беларускай ССР. Маёўкі, дошкі гонару і г.д. — такія рэлікты савецкай стабільнасці, якую ў спадчыну зусім свядома ўзяла лукашэнкаўская дзяржава.
Калі паглыбіцца ў гісторыю, правы працоўных адстойвалі самі працоўныя, а таксама іх прадстаўнікі ў выглядзе прафсаюзаў і іншых профільных грамадскіх арганізацый і ініцыятыў. Зараз існуе вялікая колькасць міжнародных і нацыянальных грамадскіх інстытуцый, якія адстойваюць працоўныя правы людзей і могуць быць незалежныя ад працадаўцаў і дзяржавы.
У савецкіх краінах сітуацыя была іншая. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і ўсталявання дыктатуры пралетарыяту функцыі большасці грамадскіх інстытуцый перайшлі да дзяржавы. І прафсаюзы з незалежных ужо больш як сто год перш за ўсё з’яўляюцца фактычна рупарам дзяржаўнай прапаганды і выканаўцамі загадаў «зверху».
Таму сёння звычайным грамадзянам і грамадзянкам цяжка зразумець, навошта патрэбны незалежны прафсаюз, калі ёсць адзіны «самы лепшы на свеце», які мне дае бясплатныя пуцёўкі.
Але зноў жа, калі падлічыць, колькі штомесяц і штогод работнік адлічвае на прафсаюз, то магчыма, каб гэтыя грошы адкладваць (і не ў беларускіх рублях), то можна было не раз і не два з’ездзіць куды-небудзь?
Як зазначае Алена Агарэлышава, гэта зручная для ўладаў ідэалагічная маніпуляцыя: маўляў, ёсць такі дзяржаўны «старшы брат», які апякуецца парцоўнымі: і садок ім, і бальнічныя — то чаго яго крытыкаваць?
Але ўсё тое, што падаецца як нейкія прывілеі — насамрэч база, гарантаваная законам, гэтыя правы мусяць быць у кожнага і кожнай, проста па факце працы.
— Вялікім зломам, на мой погляд, стаўся 2020 год, — адзначае сацыялагіня, — калі незалежныя прафсаюзы адыгралі моцную ролю, і ў палітычным жыцці таксама, сталі вельмі бачныя і публічныя.
Я б сказала, што ў гісторыі незалежнай Беларусі гэта адзін з самых важных прыкладаў. Калі ўсе пабачылі, што ідэя «мая дзяржава/мой завод лепш ведае мае правы» не вытрымала сутыкнення з рэальнасцю і лопнула, як бурбалка.
Гэта было надзвычай прыгожа з гледзішча палітычных працэсаў. І хоць сёння незалежныя прафсаюзы знішчаныя, частка актывістаў з’ехалі з краіны, іншыя сталі палітвязнямі і палітвязынкамі — але ўсё ж такі ідэя жыве.
Гэтую гісторыю немагчыма перапісаць, бо яна здарылася не 100 год таму. І ў мяне ёсць надзея, што ў вольнай Беларусі ўжо не будзе пытанняў, навошта нам незалежныя прафсаюзы.
— А пакуль улады малююць карцінку беларускай стабільнасці. Праўда, і на ёй ёсць плямы, якія Мінпрацы вымушана заўважаць: кадравы голад, гендарны разрыў у заробках…
— Я ўжо згадвала, што і «ў гэтых вашых Еўропах» ёсць людзі —«людзі», і людзі, для якіх рэчаіснасць з працоўнымі правамі зусім іншая. А ў сучаснай Беларусі, на мой погляд, склалася такая сітуацыя, што нават беларускія грамадзяне, якія працуюць па афіцыйных кантрактах, тэарэтычна маюць правы і могуць звярнуцца ў суд. Але на практыцы іхні маральны і прававы стан параўнальны са станам мігрантаў і мігрантак у Еўропе.
Беларусы і беларускі жывуць у рэпрэсіўнай дыктатуры, у складаным эканамічным становішчы. Пры гэтым вельмі мала, асабліва ў рэгіёнах, месцаў працы з годным заробкам, усё яшчэ ідуць хвалі палітычных скарачэнняў.
Людзі проста баяцца ўсяго, баяцца стаць нязручнымі на працы. Баяцца і за сям’ю і дзяцей — часам гэта бывае вырашальны фактар, каб «сядзець, цярпець і не рыпацца». Таму святкаванне Першамая са шчаслівымі супрацоўнікамі і супрацоўніцамі, са сцягамі і заклікамі «як вялікі Ленін загадаў», выглядае яшчэ больш балючай недарэчнасцю.
Читайте еще
Избранное