Вось і ўсё. Прыйдзе час, калі горад зноў будзе зьмяняцца, і нашая задача — зрабіць так, каб гэтым не займаліся «крэпкія хазяйсьцьвеньнікі», асобы, якія за грошы гатовыя прадаць любы кавалак сталічнае зямлі, і ўсялякія дурні без адукацыі і элемэнтарнага густу.
«Надта балюча лічыць гэты горад сваім і бачыць, што зь ім робяць «прыхадні розныя»
Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра родны горад Менск і параўноўвае горад свайго дзяцінства і Менск узору 2025 году.
Параўнаньне, на жаль, не на карысьць апошняга, але Лявон, як заўжды, захоўвае аптымізм: «Прыйдзе час, калі горад зноў будзе зьмяняцца».

Менск быў калісьці маім горадам. Так, я тут нарадзіўся, я памятаю вуліцу Адоеўскага і праспэкт Пушкіна яшчэ да зьяўленьня ўнівэрсаму «Фрунзэнскі», калі на раёне былі адно лякальныя крамкі, і да кожнай зь іх трэба было парадкам ісьці.
Я памятаю праспэкт Леніна (Сталіна, Скарыны, Пераможцаў) — увесь зялёны ад лісьця высокіх дрэваў і поўны мінакоў у выходныя дні.
«Разынкай» Менска была ягоная правінцыйнасьць, а, значыцца, утульнасьць і свойскасьць, цеплыня — сталінскі нэаклясыцызм у цэнтры і дзе-нідзе на раёнах, хрушчоўкі, Розачка, Грушаўка, Трактарны — усё невысокае, штосьці зь белае цэглы, штосьці фарбаванае нажоўта, штосьці — пакрытае нетрывалым «кабанчыкам», а сталінскія будынкі ў цэнтры паблісквалі кавалачкамі сьлюды, бо для іхнага аздабленьня выкарыстоўваліся адмысловыя матар’ялы — з сумесі розных камянёў і мінэралаў.
Я памятаю пратаптаныя сьцяжынкі ў траве, крыва пакладзеную савецкую плітку, дзядзек, што гуляюць у даміно ў двары за драўляным сталом з лаўкамі...
Гэтага ўсяго даўно няма.
Прыйшлі іншыя часы, усё зьмянілася, горад таксама мусіў зьмяняцца.
Менску новае кіраўніцтва паставіла задачу: зрабіцца сталіцай! У разуменьні гэтага кіраўніцтва (якое паходзіла ня тое, што ня зь Менску, а наогул ня з гораду), гэта азначала: усё мусіць быць чыста-прыгожа-высока-адрамантавана! То бок, кіраўніцтва пачало наноў ствараць горад, які мусіў выглядаць, як сталіца. Паводле разуменьня гэтага кіраўніцтва.
І вось пафарбавалі «Сьнежкай» зашмальцаваныя (што зробіш, час ідзе) сталінскія будынкі ў цэнтры, фасады якіх раней паблісквалі кавалачкамі сьлюды. Адмываць было дорага, дык пайшлі прасьцейшым шляхам.
Знаўцы абураліся: гэта ўсё нельга фарбаваць, там унікальная каменна-мінэральная сумесь, якая мае адмысловы колер! Іх, натуральна, ніхто не паслухаў, бо канцэпцыя ўжо была распрацаваная. Пафарбавалі. Зрабілася нядорага, але чыста, адрамантавана і калярова.
Потым узяліся за старыя дамы на Рэвалюцыйнай-Інтэрнацыянальнай. Штосьці зруйнавалі і пабудавалі наноў — з новых матар’ялаў — макет былога будынку ў натуральным памеры. Так таньней. І — што вы хочаце? — выглядае дакладна так, як і было. А штосьці перабудавалі — маўляў, так будзе дакладна лепей.
Зрабілі вуліцу Нямігу — адзін ейны бок быў забіты «домам Мусінскага», з другога боку зрабілі дзіўны праект «на два паверхі». Ніколі не зразумею гэтую архітэктурную задумку, але ведаю, што камусьці падабаецца, бо «было яшчэ горай».
Пабудавалі бібліятэку. Не хапіла грошай на люстраное шкло, і выйшла ня надта. Але — што ўжо там! — яна далёка ня ў цэнтры, хай сабе стаіць.
Узьвялі новы будынак вакзалу. Тут ужо грошай на шкло хапіла. Але новы вакзал безнадзейна парушыў сымэтрыю прывакзальнай плошчы зь ейнай «брамай Менску» — сталінскімі вежамі-блізьнятамі, якія сустракаюць цябе зь цягніку.
Потым так разышліся — не спыніць, не стрымаць! — уляпілі грандыёзны дом Чыжа над мініатурным Траецкім (якое таксама навабуд з 80-х), гатэль «Кемпіньскі» — велізарны сучасны маскоўскі будынак каля цырку, на тле якога цырк зрабіўся дробнай хаткай, усялякія палацы незалежнасьці і вярхоўныя суды, якія безнадзейна зьелі калісьці ўнікальны менскі зялёна-водны пэрымэтар.
Вішанька на торце — белы дом з чорнымі вокнамі проста ў сэрцы сталіцы каля палацу прафсаюзаў — бізнэс-палац братоў Карычаў...
Я, ведаеце, вельмі балюча перажываў усе гэтыя пераўтварэньні, бо лічыў калісьці, што гэта мой горад — я там нарадзіўся, гадаваўся, вучыўся, рабіў першыя крокі ў творчасьці, радаваўся першым посьпехам — а мне раз за разам давалі зразумець, што гэта ня так, гэта горад тых, хто ва ўладзе, тых, хто будзе вырашаць, як яму, гэтаму гораду, выглядаць, што ў ім будзе будавацца (руйнавацца), якія кавярні будуць працаваць (зачыняцца), якая музыка будзе гучаць (забараняцца)...
І вы можаце сьмяротна крыўдаваць на блогера, які хвастка апісаў побыт і жыцьцё беларускай сталіцы ўзору 2025-га на сваё незамыленае бэрлінскае вока, а ў мяне, карэннага менчука, нічога не адгукнулася ў душы, не абудзілася ніякае крыўды, ані прыкрасьці.
Я даўно ўжо, нават калі жыў у Менску, дык і ня жыў у ім. Бо надта балюча лічыць гэты горад сваім і бачыць, што зь ім робяць «прыхадні розныя».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное