Неабыякавыя

Марына Міхайлава

«Наколькі чалавеку хапае душэўнай ёмістасці, ён спрабуе верыць. Каб і надалей быць — у гэтым свеце, а не ў тым»

«Салідарнасць» працягвае абмяркоўваць з экспертамі, чаму рэлігія стала з’явай нон грата ў беларускіх вязніцах, у што можна верыць у месцы, дзе веры нікому няма, і як зберагчы людскасць за кратамі. Гэта другая частка размовы, першую, пра пераслед, звязаны з рэлігійнымі падставамі, чытайце тут. Зараз псіхолаг Вольга Вялічка распавядае нам пра тое, чаму папраўчыя ўстановы РБ нікога не выпраўляюць і як рэжым (не) можа забіць веру ў справядлівасць, Беларусь і беларусаў.

«Зайшлі ў вязніцу агностыкамі, а выйшлі — крутымі атэістамі»

Былы святар з 20-гадовым досведам і былы палітвязень Аляксандр Тарасенка, які быў асуджаны на 2 гады за антываенны пост, згадваў у адным з інтэрв’ю, як здолеў зачапіць іншых вязняў думкай: «Хлопцы, вы ж разумееце, што Ісус быў распяты па палітычным артыкуле, у яго нават артыкул быў напісаны над галавой. Калі б гэта было ў наш час, у Хрыста была б жоўтая бірка, дзясяты прафулік. І артыкул — напэўна, нешта пра захоп улады ці пра дзяржаўную здраду».

Турма змяняе погляд на многія рэчы і светапогляд наогул, пагаджаецца псіхолаг, прадстаўніца ініцыятывы «Урачы за праўду і справядлівасць» Вольга Вялічка.

Фота з асабістага архіву Вольгі Вялічкі

— Калі мы гаворым пра рэлігію, пра веру ў Бога, то першае, пра што мы думаем — пра справядлівасць, любоў, пра тое, што ў цябе ёсць магчымасць выправіць нейкія памылкі, пра грахі і пакаянне, — разважае яна. — Мы пачынаем маліцца, калі самі не спраўляемся альбо калі адбываюцца сітуацыі, у якіх мы робім усё, што можам, але ж не ведаем, чым справа скончыцца.

Да прыкладу, калі ляцім у самалёце і перажываем, калі хтосьці з блізкіх ці мы самі ў цяжкім стане здароўя, у змаганні з анкалогіяй.

А калі чалавек трапляе за краты, вельмі многія арыенціры разбураюцца.

У нармальнай дзяржаве, дзе няма палітвязняў і ўсяго таго, што мы маем сёння, рэлігійны кампанент, права на рэлігію мусіць захоўвацца і ў вязніцы. Бо яно акурат ёсць тым выпраўляючым момантам, праз які чалавек усведамляе здзейсненыя ўчынкі.

Ён можа раскаяцца, выправіць унутры сябе хібы — і выйсці на свабоду чалавекам, які адбыў пакаранне і хоча надалей жыць у грамадстве нармальным грамадзянінам.

Вось гэта мусіла б быць ідэальнай карцінкай. Але ў нашых беларускіх рэаліях ёсць два ненармальныя моманты.

Першы — гэта тое, што сістэма папраўчых устаноў «не заточаная» на тое, каб выпраўляць людзей. Рэлігійны інструмент (наведванне царквы, размовы са святарамі) у некаторай ступені дае палёгку, бо дае магчымасць пагаварыць не на жаргоне і не на турэмныя тэмы. Але гэты інструмент у нас не працуе так, як мог бы.

І другі момант — палітзняволеныя. Людзі, якія селі невінаватымі, якія маюць сваю пазіцыю і маюць крытычнае мысленне. У маёй практыцы былі людзі, і мужчыны, і жанчыны, якія зайшлі ў вязніцу агностыкамі, а выйшлі — крутымі атэістамі.

Тлумачэнне гэтаму вельмі простае, кажа «Салідарнасці» экспертка. Калі тыя, хто і раней не быў схільны да рэлігіі, трапляюць у вязніцу і бачаць, як іншыя зняволеныя ходзяць у царкву, спавядаюцца, а потым падрабязнасці іх жыцця становяцца вядомыя адміністрацыі, нягледзячы на тайну споведзі — «адпадае не толькі вера ў бога і ў справядлівасць, але вера ў чалавечнасць». І гэты негатыў захоўваецца, калі людзі выходзяць на волю.

З іншага боку, «палітычным», як правіла, забараняюць хадзіць у царкву і стасавацца са святарамі — каб ізаляваць іх яшчэ больш, не дапусціць рэфлексіі і думкі пра справядлівасць, а галоўнае, не даць падзяліцца гэтымі думкамі з іншымі зняволенымі.

Вясна 2023 года, вязні папраўчай калоніі пад Барысавам на богаслужэнні. Фота: borisoveparhia.by

— Тэалагіня Наталля Васілевіч мяркуе, рэч яшчэ і ў тым, што нават правераныя святары — гэта людзі з волі, ці мала што яны раскажуць і перададуць за краты і назад…

— Напэўна, можна сказаць і так. У Гродне былі такія выпадкі, калі святары хадзілі ў СІЗА і ў турму, прыносілі навіны. І гэта нармальна. Але адміністрацыя палічыла недапушчальным. І такая магчымасць была адсечаная.

«Калі чалавек не верыць ні ў што, ні на што не спадзяецца — гэта дэпрэсіўны стан»

— Вы кажаце, многія выходзяць з вязніцы агностыкамі. А ці частыя адваротныя выпадкі? Антаніна Канавалава згадвала, што верыць пачала акурат у калоніі.

— Гэта таксама вытлумачальна. Чалавек — такое стварэнне, якому трэба ў нешта верыць. Тут не столькі псіхалагічнае пытанне, колькі сацыякультурнае. Калі чалавек не верыць ні ў што, ні на што не спадзяецца, — гэта дэпрэсіўны стан. Адбываецца татальнае расчараванне, прыходзяць перадсуіцыдальныя думкі — і гэта вельмі кепска.

Настолькі, наколькі чалавеку хапае псіхілагічнай, душэўнай ёмістасці, ён спрабуе ў нешта верыць, на нешта спадзявацца. Проста дзеля таго, каб і надалей быць — у гэтым свеце, а не ў тым. Нават тыя вязні, каго кідаюць у ШІЗА, лепяць з хлеба нейкіх зайчыкаў ці павучкоў, каб не заставацца сам на сам з вялікай несправядлівасцю, з імі дзяліцца думкамі і верыць, што вытрываюць.

Насамрэч рэлігійны падыход глыбока ўмацаваны ў нашай свядомасці — згадайце, калі чалавек хварэе, яму зычаць, «дай Бог акрыяння», калі дзіцё нараджаецца, беларусы кажуць: «Дай бог яму здароўя» альбо «Дай Бог, каб быў шчаслівы». Гэтае «дай Бог» натуральна кладзецца на язык.

Аднак вера ў шырокім сэнсе — гэта не толькі пра бога. Людзі вераць у розныя рэчы. Рэлігія — самы відавочны выбар, бо яна існуе даўжэй за ўсе дзяржавы і ўсе інстытуцыі. Імперыі радаюць і разбураюцца, рэлігія застаецца.

Храм пры ПК-11 у Валкавыску. Фота: orthos.org
Святар наведвае няпоўнагадовых у турме №1, Гродна. Фота: orthos.org

І таксама застаецца вера ў людзей, у краіну, у справядлівасць, у свае прынцыпы і ў нязломнасць. Гэта добра бачна ў эміграцыі: адны, расчараваўшыся, страчваюць веру і пераключаюцца на іншыя справы — спрацоўвае абарончы механізм псіхікі. А другія працягваюць рабіць тое, ў што вераць.

Дый псіхалогія шмат у чым збудаваная на веры: калі чалавеку наўкол кепска, псіхолаг шукае яго моцныя бакі, на якія можна абаперціся. Мовай святароў — «верце, і па веры вашай будзе вам».

Псіхалагічнай мовай — чалавек ёсць тое, што ён думае пра сябе. Рознымі словамі пра адно і тое ж.

«Сістэма скалечвае, адбірае чалавечнасць»

У чэрвені 2025 года, калі былі вызваленыя 14 палітвязняў, некаторыя з іх распавялі на прэс-канферэнцыі, што іх падтрымлівалі словы іншага вязня — каталіка, выкладчыка катэхізісу Вячаслава Беладзеда.

«Галоўнае не ўпусціць турму ў сябе», — гэтая думка, відавочна, наўпрост супрацьлеглая таму, чаго дабіваюцца адміністрацыя і супрацоўнікі вязніц.

— Вера — менавіта тое, што ў беларускіх турмах і калоніях стараюцца разбурыць?

— Так. Бо каб забраць веру ў пазіцыю, трэба забраць веру чалавека ў самога сябе, у чалавечнасць.

Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк распавяла вельмі паказальную гісторыю. У калоніі ў Зарэччы, дзе сядзяць жанчыны па 10,12,15 год, расце адная яблыня на тэрыторыі ПК-24.

Паспелі на ёй яблыкі — чырвоныя, вялікія. І начальнік калоніі загадаў стрэсці гэтыя яблыкі, пазбіраць у ванны і… заліць хлоркай. Не проста на сметнік выкінуць, бо са сметніка забралі б (яблыкі ў калонію амаль не завозяць). А знішчыць.

Тое самае адбываецца і з людзьмі. Асноўны «выпраўленчы» момант у гэтай турэмнай сістэме — забраць веру ў чалавечае. Тады чалавек ператвараецца ў жывёліну, якая проста выконвае загады: «Сядзі», «Сядзі і маўчы», «Нічога не прасі і не давай», «Рабі, што табе сказалі», «Думай, як табе сказалі». Рэлігія ў гэтым працэсе толькі замінае, бо яна дае падставы думаць, не толькі быць «авечкай божай».

«Палітычныя», у адрозненне ад большасці вязняў, ведаюць, што сядзяць не вінаватыя, таму не расчалавечваюцца і не аскаціньваюцца. І ў гэтым насамрэч вялікі паратунак. Хоць ёсць нямала прыкладаў, што і палітвязняў ламаюць.

Мы мала пра гэта гаворым, але сістэма даносаў у вязніцах квітнее, людзей пераконваюць, што яны ніколі не выйдуць, і яны падпарадкоўваюцца гэтым правілам, губляючы веру і надзею.

А звычайныя вязні, пазбаўленыя волі за іншыя злачынствы, якія выходзяць ужо без humanity, без людскасці і веры. Таму і ідуць наноў красці і забіваць, бо сістэма іх скалечвае, адбірае чалавечнасць і робіць небяспечнымі. Прычым, думаю, унутры сістэмы разумеюць, што яны робяць — непадобна, што гэта адбываецца інтуітыўна.

І гэта вельмі вялікая і маштабная праблема.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(10)