Навумчык: «Хочацца верыць, што 1300 закладнікаў рэжыму нарэшце будуць на свабодзе»
Палітычны аглядальнік пералічвае тры моманты з нагоды размовы Трампа і Лукашэнкі.
— З нагоды званка Трампа Лукашэнку — у інтэрпрэтацыі Трампа — пакуль з упэўненасьцю можна канстатаваць тры моманты, якія асабіста для мяне выглядаюць бясспрэчнымі, — піша Сяргей Навумчык, і пералічвае:
Першы: Лукашэнка ня мае ніякай патрэбы ў пасярэдніцтве таго, што прыняла называць «аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі» для разьвіцьця адносінаў з ЗША (а значыць — і з Захадам, паколькі Эўропа, што б там не заяўлялі ў Брусэлі, пакуль ідзе ў фарватэры палітыкі Вашынгтона).
Гэта робіць спадзяваньні на «грамадзянскі дыялёг» у Беларусі ілюзорнымі. Такі дыялёг, па-просту, не патрэбны Лукашэнку для ягонай галоўнай і, па-сутнасьці, адзінай мэты — захаваньня ўлады.
Другі: гэтак жа ня мае ніякай неабходнасьці ў пасярэдніках і адміністрацыя ЗША. Вашынгтон і афіцыйны Менск выйшлі на такі ўзровень наўпроставых кантактаў, пры якім для абодвух «трэці — лішні».
Трэці. Як гэта ня прыкра, але даводзіцца прызнаць, што выраз Трампа «паважаны прэзыдэнт» у дачыненьні да Лукашэнкі, якога пасьля 2020 у Вашынгтоне не называлі ня толькі «паважаным», але і ўвогуле не лічылі прэзыдэнтам — хаця і не зьяўляецца фармальнай легітымізацыяй Лукашэнкі, але — выглядае такім дэ-факта.
Нічога добрага для дэмакратычнай пэрспэктывы Беларусі ўсё гэта ў кароткатэрміновай і нават сярэднетэрміновай пэрспэктыве не нясе.
Адзінае — хочацца верыць, што 1300 закладнікаў рэжыму нарэшце будуць на свабодзе (хаця рэальная колькасьць палітычных вязьняў, канешне, значна большая).
Читайте еще
Избранное