І многія ягоныя «здзелкі» могуць калі не стаць увадначас нікчэмнымі, то падвергнуцца сур'ёзнай рэвізіі. А гарантыі, у аснове якіх, як у гэтым выпадку, ляжыць фактычна чэснае слова Трампа, пацерпяць першымі.
Пашкевіч: «Гарантыі, у аснове якіх ляжыць фактычна чэснае слова Трампа, пацерпяць першымі»
Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі — пра тое, у чым праблема з трампаўскімі гарантыямі.
— З’явілася расшыфроўка, што менавіта маецца на ўвазе пад гарантыямі ЗША, якія яны збіраюцца даць за прыняцце Украінай практычна капітуляцыйных 28-мі пунктаў, — піша Аляксандр Пашкевіч. — Прытым у пунктах прадугледжваецца, што за гэты шчодры гарантыйны падарунак трэба яшчэ заплаціць і нейкую кампенсацыю — не быў бы Трамп перадусім дзялком.
А што да сутнасці саміх гарантый, то яны во такія:
«Злучаныя Штаты пацвярджаюць, што значная, наўмысная і ўстойлівая (sustained) узброеная атака з боку РФ праз узгодненую «лінію перамір'я» ўглыб украінскай тэрыторыі будзе лічыцца нападам, які пагражае міру і бяспецы трансатлантычнай супольнасці.
У выпадку такога здарэння прэзідэнт ЗША павінен, выконваючы свае канстытуцыйныя паўнамоцтвы і пасля неадкладных кансультацый з Украінай, НАТА і еўрапейскімі партнёрамі, вызначыць меры, неабходныя для аднаўлення бяспекі. Гэтыя меры могуць уключаць дапамогу ў выглядзе падтрымкі ўзброенымі сіламі, разведданымі і лагістычнай падтрымкі, эканамічныя і дыпламатычныя меры, а таксама іншыя крокі, якія палічаць адпаведнымі».
Не трэба мець нават юрыдычнай адукацыі, каб бачыць, што фармулёўкі максімальна размытыя, а таму фактычна ні да чаго нікога не абавязваюць.
Па-першае, пры жаданні можна адразу тармазіць на вызначэнні, ці з'яўляецца ўзброеная атака «значнай, наўмыснай і ўстойлівай» і адносна гэтага весці працяглыя дэбаты.
А па-другое, у справе рэагавання ўсё фактычна аддаецца «на усмотрение» прэзідэнта ЗША.
Калі нейкія меры МОГУЦЬ уключаць, то з тым самым поспехам яны МОГУЦЬ і не ўключаць. Зусім не адрэагаваць на парушэнні прэзідэнт ЗША як бы і не можа, але пры жаданні можа палічыць адпаведнымі толькі, скажам, дыпламатычныя меры, якія звядуцца да «глыбокай занепакоенасці» і званкоў агрэсару з просьбай «абразуміцца».
Вось і ўсе гарантыі. Новы Будапешцкі мемарандум, нікчэмнасць якога засведчыла само жыццё.
Да таго ж трэба таксама ўлічыць, што сам палітычны стыль Дональда Трампа — гэта руйнаванне ўсялякіх інстытуцыйных абмежаванняў, пастаноўка ў аснову прыняцця ўсіх палітычных рашэнняў перадусім свайго ўласнага жадання і меркавання. І пляванне на палітычную пераемнасць.
Многае з таго, што выбудоўвалася перад тым цэлымі амерыканскімі палітычнымі пакаленнямі ў знешняй палітыцы (ва ўнутранай таксама, але тут гаворка не пра яе), ён за год адправіў у кош для смецця, і гэты працэс яўна будзе працягвацца далей.
А пры цяперашняй палярызацыі грамадства цяжка спадзявацца, што ў выпадку прыходу да ўлады ў ЗША апазіцыі яна будзе надта далікатна абыходзіцца з палітычнай спадчынай Трампа — верагодна, што пасля можа ўсё развярнуцца ў другі бок і будзе, наадварот, руйнавацца сістэма, створаная ім.
Калі ўсё гэта робіцца чыста пад яго (а яму ўжо пад 80, і на новы тэрмін канстытуцыйна балатавацца не можа), то цалкам можна дапускаць, што нават пераемнікі са свайго ж лагера на гэта маліцца не будуць. Так заўсёды бывае, калі апора на асобы, а не на інстытуты.
Читайте еще
Избранное