Шарэнда-Панасюк: «Нас забіваюць, з нас робяць інвалідаў — гэта не норма»
Як рэпрэсіўны рэжым фактычна знішчае сваіх праціўнікаў.
Днямі стала вядома пра смерць былой палітзняволенай Тамары Каравай — як распавялі знаёмыя беларускі, афіцыйная прычына — не вытрымала сэрца. Жыхарка Лунінца адбыла два гады калоніі за «паклёп на Лукашэнку», вызвалілася па памілаванні ўвосень 2024 года.
Усяго некалькі месяцаў да 40-годдзя не дажыла анкахворая Ганна Кандраценка, якая прабыла на волі ўсяго каля паўгода і якую турэмшчыкі не вызвалілі, нават ведаючы пра дыягназ.
«Якой бы ні была прычына смерці Тамары Каравай, рэжым мае да яе самае прамое дачыненне. А смерць Ганны Кандраценкі — не толькі трагедыя, гэта абвінавачанне сістэме, якая не мае спачування, якая карае і хваробай, і ігнараваннем, і маўчаннем», — падкрэслілі прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі «Урачы за праўду і справядлівасць».
Самае страшнае, што гэтыя ахвяры лукашэнкаўскай рэпрэсіўнай сістэмы — не першыя, і, на жаль, відавочна не апошнія. У прынцыпе не нармальна, калі беларусы і беларускі трапляюць у вязніцы з-за палітычнага пераследу і калі іх даводзяць да жудаснага стану, калі рэжым пераследуе за праявы салідарнасці іншых людзей і цісне на палітвязняў і іх родных нават пасля вызвалення.
У тым ліку з гэтых прычын, імаверна, пра некаторыя выпадкі пераследу мы наогул не ведаем — альбо дазнаемся пасля смерці людзей…
Што беларусы ў краіне і ў замежжы могуць рэальна зрабіць, каб ахвяр было менш, чаму нават добрае слова — гэта важна, і чаму падтрымка не мусіць сканчацца пасля выхаду чалавека на волю, Филину распавяла былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.

— Я сама прайшла праз усе гэтыя катаванні цягам чатырох гад, бачыла на свае вочы і адчула, калі рэжым фактычна здаровых людзей мэтанакіравана, паслядоўна альбо проста зжывае са свету, альбо ператварае іх у інвалідаў, — з горыччу кажа Паліна. — Нават калі за краты трапляе здаровы чалавек, яго стан пагаршаецца. І тым больш, калі ён мае захворванні, асабліва хранічныя. У тых умовах гэта ператвараецца ў невылечныя хваробы.
Нават бяскрыўдны насмарк можа ператварыцца ў запаленне лёгкіх — усё накіравана на такое развіццё падзей, асабліва датычна палітзняволеных. Яны наўпрост на вастрыні тэрору, у тым ліку побытавага: калі перакрываецца магчымасць атрымліваць перадачы, адпаведна, і цёплыя рэчы, і паўнавартасную ежу, вітаміны.
Пра ўмовы ў гэтых месцах, прыніжальныя і бесчалавечныя, ужо шмат хто казаў. Дадам толькі, як штодня ўзнікаюць усё новыя абмежаванні і забароны. Нават не пісьмовыя загады, а нейкія званкі з Дэпартаменту выканання пакаранняў ці аднекуль яшчэ, і наконт палітвязняў паступаюць «указіўкі»: трымаць у ШІЗА ў жудасных умовах, адбіраць пасылкі і перадачы, адбіраць пры «шмонах» цёплыя рэчы.
Ты кудысьці пайшоў, вяртаешся ў атрад — а рэчы проста валяюцца на падлозе, і што забрана, немагчыма адсачыць. Альбо штосьці дазвалялі — а наступным разам пры «шмоне» забіраюць, як забароненае. І так паступова чалавек апынаецца без самага неабходнага.
«Нягледзячы на рэпрэсіі, салідарнасць мусіць працягвацца»
Як падтрымліваць вязняў у гэтых умовах, калі невядома, ці даходзяць да іх пасылкі і нават лісты? Паліна зазначае, што адзін са шляхоў — падтрымліваць родных, а таксама працягваць пісаць лісты і паштоўкі:
— Дзякуючы салідарнасці з палітзняволенымі ў 2021-2023 гадах лісты падтрымкі, нават калі яны даходзілі да нас у вельмі малой колькасці — гэта выратоўвала. Тыя невялікія бандэролі, якія мне асабіста і іншым палітвязням у СІЗА дасылалі людзі з усёй Беларусі і нават з-за межаў краіны, былі важнымі, не толькі ў матэрыяльным плане, але і ў маральным: давалі сілы, сагравалі, замянялі сонечнае святло. Бо ты разумеў, што ты не адзін, што пра цябе памятаюць.
Хоць уся тая сістэма накіраваная на тое, каб стварыць у чалавека ілюзію, быццам усе пра яго забылі, усім ужо напляваць — а ты ідзеш, і пад камерай стаіць дзевяць пакункаў перадач, і трэба было бачыць твары тых людзей, якія толькі што пераконвалі, быццам «усе забылі пра цябе».
Таму такія моманты вельмі важныя і для псіхалагічнай падтрымкі, і як магчымасць перадаць неабходныя рэчы і прадукты. Хоць мы ведаем, што ёсць спісы «тэрарыстаў», якім перакрываюць магчымасць атрымання перадач і грошай, нават ад сваякоў.
Што можна рабіць у такіх умовах? Нягледзячы на рэпрэсіі, салідарнасць мусіць працягвацца. Калі яны ціснуць на людзей, якія непасрэдна дасылалі перадачы — значыць, мусіць быць створаная сістэма, каб неабходныя рэчы, грошы дасылаліся родным, а ўжо яны непасрэдна дастаўлялі дапамогу людзям у зняволенні. Бо ўтрымліваць чалавека, які ў калоніі, каштуе немалых высілкаў і грошай. Калі сваякі сталага веку, ім гэта вельмі цяжка.
Акрамя таго, важная падтрымка родных. Рэжым вядзе іх запалохванне, шантаж. І тая колькасць палітзняволеных, пра якіх вядома, насамрэч, я лічу, нашмат большая — проста частка сваякоў не паведамляе праваабаронцам пра рэпрэсіі, да таго ж частка людзей не мае сваякоў. Гэта самая вялікая праблема, бо тады вязні за кратамі проста аказваюцца ў галечы.
Аднак калі родныя ёсць — іх таксама трэба падтрымліваць нават псіхалагічна, тлумачыць, што іх запалохваюць, што пра палітзняволеных не забыліся. Калі сваякі будуць гэта адчуваць, яны таксама будуць мацнейшымі і не застануцца сам-насам з рэпрэсіўнай сістэмай.
Яшчэ ў 2021 годзе я казала, што трэба стварыць асобны фонд для падтрымкі палітвязняў і іх сем’яў. Ведаеце, як раней рабілася — проста пускаць шапку па коле: «Гэта на палітзняволеных». Нашу беларускую салідарнасць мы мусім трымаць і сёння.
«Заклікаю палітвязняў, якія вырваліся з пашчы, агучваць такія факты і называць прозвішчы»
Паліна Шарэнда-Панасюк правяла чатыры гады ў зняволенні і ўсяго чацвёрты месяц як знаходзіцца на волі і ў бяспецы. Наколькі моцна турма адбілася на яе здароўі?
— У маёй сітуацыі я сама для сябе ўвяла вельмі жорсткую дысцыпліну. Разумела, што змагу абысціся без ранішняга кубачка гарбаты, яшчэ без нейкіх рэчаў. Калі халодна ў штрафным ізалятары — пачынала рабіць зарадку, паўтары-дзве гадзіны тупа вымушаць сябе варушыцца. Прывучала сябе мыць твар і цела халоднай вадой.
Але трэба трымаць сябе годна нават перад гэтымі катамі. Нагадваць, што ты маеш права на тое і на тое. І калі яны бачаць гэты стрыжань у чалавеку, нават нягледзячы на загад катаваць, у пэўных момантах турэмшчыкі выконваюць тое, што яны абавязаныя.
Але гэта мой асабісты досвед, у кожнага іншага чалавека будзе свой, шмат што залежыць ад таго, у якім стане ён патрапіў у калонію, ад маральнага настрою. Але не толькі. У няволі вельмі цяжка наконт лекаў — калі ў 2021 годзе іх можна было атрымаць ад родных, то з пачатку 2023 года перакрылі ўсякую мажлівасць.
Трэба агучваць інфармацыю, якім неналежным, а часта ганебным чынам паводзяць сябе медсанчасткі ў гэтых «канцлагерах». Нярэдка яны не аказваюць дапамогу, нават калі чалавек прыходзіць з відавочнымі сімптомамі — «вы сімулюеце», альбо «трымайце адну таблетку ад ста хвароб».
І людзі працягваюць — працаваць, пераносіць цяжкасці, мерзнуць у «гаспадарчай вопратцы» і дзерманцінавых дзіравых ботах, якія да вас пранасілі ўжо 10 чалавек і ў якіх падэшва адарваная. Вязняў працягваюць трымаць па 40 хвілін пад пякучым сонцам, пад дажджом, не даваць магчымасці сушыць рэчы, заднім чыслом падпісваць паперку «прыдатны да ШІЗА»…
Усё гэта трэба агучваць. І я заклікаю ўсіх палітвязняў, якія вырваліся з гэтай пашчы, агучваць такія факты, называць прозвішчы.
Нягледзячы ні на што, яны баяцца — гэта робіцца, калі сістэма бязлікая, а калі назваць канкрэтна, хто робіць, яны ўжо не такія нахабныя, разумеюць, што кантроль за рукамі ёсць. Наша маўчанне — гэта згода. Але прывыкаць і мірыцца ні ў якім выпадку нельга. Нас забіваюць, з нас робяць інвалідаў — гэта не норма. Гэта злачынствы, за гэта будзе трыбунал.
За сябе скажу — у самыя змрочныя часы думалася: «Вось бы тыдзень паляжаць на пляжы, на сонцы, ля мора — і не трэба ніякіх вітамінаў». Людзям, якія змаглі вырвацца і патрапіць у вольны свет — безумоўна, ім трэба даць магчымасць праходзіць лячэнне і рэабілітацыю.
Але гэта, на мой погляд, мусіць быць інстытуцыйная падтрымка, каб вязні не чакалі месяцамі, калі хтосьці прыйдзе да іх і прапануе медычную дапамогу, а іх выхад адсочвалі і дапамагалі адразу.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное