Общество

Шэсць фактаў пра Андрэя Шведа — былога генпракурора, які цяпер стаў старшынёй Вярхоўнага суда

Aрхітэктар рэпрэсій Андрэй Швед пабудаваў дом у Драздах-2, выдаў кнігі пра «генацыд беларускага народу» і рашае, каму з беларусаў дазволіць вярнуцца на радзіму, піша Наша Ніва.

Фота: sb.by

Нарадзіўся на Палессі, бацька загінуў у аўтамабільнай аварыі

Будучы генпракурор нарадзіўся ў 1973 годзе ў Глушкавічах на Палессі.

Гэтая вёска аточаная з трох бакоў Украінай: нават адзіная аўтамабільная дарога з райцэнтра ў Лельчыцах праходзіць па ўкраінскай зямлі. Такі казус з’явіўся пры саветах, калі граніцы былі досыць умоўныя. З гэтай вёскі паходзіў бацька Андрэя Шведа Іван — ён быў дырэктарам мясцовай школы.

Туды па размеркаванні трапіла і маці генпракурора Зінаіда Буднік, якая нарадзілася на Магілёўшчыне. Жанчына таксама была педагогам і выкладала матэматыку.

Дзед Андрэя Шведа, Васіль, родам з Украіны, з суседняй вёскі Будкі-Камянскі Ровенскай вобласці.

У 1970‑х сям'я Шведа планавала пераезд на ўсход Беларусі. Адна з паездак туды ў канцы 70‑х скончылася трагедыяй — машына бацькі Шведа ўрэзалася ў лесавоз. Мужчына загінуў, пахавалі яго на радзіме ў Глушкавічах.

Маці ў хуткім часе ўсё ж з’ехала з трыма малымі дзецьмі. Яны пасяліліся ў вёсцы Леніна Горацкага раёна, каля самай расійскай мяжы.

Кіраваў следчай групай пасля тэракту ў метро

Швед выпускнік юрфака БДУ (скончыў у 1996-м), сваю кар’еру пачынаў у пракуратуры Мінска. У 1998—2006 гадах праходзіў службу на розных пасадах у Генпракуратуры.

У 2006‑2010 гадах быў у Радзе бяспекі начальнікам юрыдычнага ўпраўлення. Пасля ён працаваў першым намеснікам старшыні Следчага камітэта, старшынёй Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. А 9 верасня 2020 года Шведа прызначылі генеральным пракурорам (там ён і заставаўся да 19 снежня 2025 года).

Швед уваходзіў у следчую групу, якая расследавала забойства рэдактара апазіцыйнага сайта «Хартыя-97» Алега Бябеніна ў 2010 годзе. А калі 11 красавіка 2011 года на станцыі мінскага метро «Кастрычніцкая» здарыўся выбух, які забраў жыцці 15 чалавек, то Шведа паставілі кіраваць аб’яднанай следчай групай.

Мае дом у Драздах-2

У сярэдзіне 2010‑х ён Шведу дасталася зямля ў элітным мінскім раёне Вяснінка, які называюць другімі Драздамі. Ён тады быў самым малады сярод вяснінкаўскіх чыноўнікаў­-навасёлаў.

Прычым як сілавік, хутчэй за ўсё, ён атрымаў ільготны крэдыт на будаўніцтва — усяго пад 5 працэнтаў гадавых. У шыкоўны катэдж ён пераехаў са сціплай кааператыўнай кватэры.

Дом Шведа, 2015 год. Фота: «Наша Ніва»

Сястра чыноўніца, брат — у «Медтэхнацэнтры», сын скончыў юрфак БДУ

Сястра Шведа — Анжэла Раемская — працуе намесніцай кіраўніка Лагойскага раёна.

Анжэла Раемская. Фота: ok.ru.

Брат Алег — намеснік дырэктара па фінансава-эканамічным развіцці «Медтэхнацэнтра».

У 2018 годзе Камітэт дзяржбяспекі затрымаў больш за 50 бізнэсоўцаў і людзей са сферы медыцыны, у тым ліку намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага. Чыноўнікі бралі хабар за станоўчае вырашэнне пытанняў закупак апаратуры і лекаў, а таксама праводзілі безальтэрнатыўныя тэндары.

Тэлеканал «Белсат» тады расказваў, што па справе затрымалі і Алега Шведа, на той час кіраўніка кампаніі «Медтэхнацэнтр». У тэкставай версіі сюжэта журналіста зрабілі апіску, напісаўшы, што за кратамі апынуўся непасрэдна сілавік. Абодва браты Шведы тады звярнуліся да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча са скаргай, вынікам якой стала крымінальная справа за паклёп і ператрус у офісе тэлеканала. Алег Швед сцвярджаў, што ніколі не затрымліваўся. Справа скончылася нічым.

У пазнейшых расследаваннях іншых журналістаў сцвярджалася, што кар'еры Алега Шведа (да канца нулявых ён быў дробным чыноўнікам у Петрыкаве на Палессі, а ў 2011‑м раптам стаў кіраўніком буйной дзяржаўнай кампаніі па медыцынскіх закупках) паспрыяў Васіль Жарко.

Алег Швед. Фота: produktgoda.by

Жонка Андрэя Шведа родам з Лельчыцаў.

Іх сын Кірыл скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Абараняўся з дыпломам на тэму «Дактыласкапія: паняцце, прадмет, магчымасці». Жанаты, гадуе маленькую дачку.

Кірыл Швед. Фота: vk.com

Заняўся «генацыдам беларускага народа»

У 2021 годзе Швед захапіўся ідэяй «генацыду беларускага народа».

Генпракуратура праводзіла раскопкі, апытвала жывых сведкаў вайны, патрабавала ад іншых краін кампенсацый і абвінавачвала заходніх чыноўнікаў у хаванні нацысцкіх злачынцаў. Сам Швед за пару гадоў напісаў некалькі кніг па генацыдзе, за што нават атрымаў літаратурную ўзнагароду.

Выглядае, што гэтая справа была ініцыятывай асабіста генпракурора, каб паспрабаваць звязаць гісторыю з палітыкай. Нават на вокладку сваёй кнігі ён паставіў фота «Нашай Нівы» з пратэстаў жніўня 2020 года.

Дайшло і да судоў над памерлымі. Напрыклад, асудзілі Уладзіміра Катрука — украінца, якога не стала ў 2015-м, прызналі вінаватым у спаленні Хатыні.

Акрамя таго, Андрэй Швед падлічыў шкоду, якую нанеслі Беларусі за гады Другой сусветнай. Гэта 43 з паловай тысячы тон золата, альбо 2 трыльёны 300 мільярдаў даляраў.

Рашае, каму з беларусаў можна вярнуцца на радзіму

Швед быў актыўным праціўнікам вызвалення палітвязняў. З ягонай згоды амністыі, якія мелі месца пасля 2020 года, палітычных асуджаных практычна не закранулі.

У 2023 годзе Андрэй Швед узначаліў так званую камісію па вяртанні — калектыўны орган з чыноўнікаў і прапагандыстаў, створаны для разгляду заяў беларусаў, якія з’ехалі з краіны праз пераслед і хочуць вярнуцца.

Камісія заяўляла, што за ўвесь гэты час да іх паступіла 323 звароты. 70 яны разгледзелі па справе, 30 чалавекам дазволілі вярнуцца. Праўда, на некаторых з тых вярнуўшыхся пасля завялі крымінальную справу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(2)