Политика

Што азначае для Беларусі імкненьне Расеі далучыць расейскамоўныя рэгіёны Ўкраіны

Прэтэнзіі РФ на расейскамоўныя рэгіёны Украіны цалкам выцякаюць з канцэпту «рускага сьвету». Паводле яго, усе, хто размаўляе на расейскай мове, зьяўляюцца прадстаўнікамі расейскай цывілізацыі, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

Беларусь — у асноўным расейскамоўная краіна, дзе працэсы русіфікацыі і сьвядомага абмежаваньня на ўжываньне беларускай мовы сталі часткай дзяржаўнай палітыкі. Таму незалежнасьць Беларусі грунтуецца на вельмі хісткай аснове.

Вялікі рэзананс выклікала заява спецпасланьніка прэзыдэнта ЗША Стыва Ўіткафа пасьля ягонай трэцяй сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным 11 красавіка. Ён сказаў:

«Украіне могуць быць не патрэбныя расейскамоўныя рэгіёны… Зараз галоўная праблема — не працяглая агрэсія РФ, а нежаданьне Украіны аддаваць землі».

У гэтай заяве шмат аспэктаў, зь яе можна зрабіць многа высноваў. Тут закладзена цэлая канцэпцыя міжнародных адносін. Найперш, права вялікіх дзяржаваў на свабоду дзеяньняў, права сілы.

Хоць нічога новага тут у прынцыпе няма. З даўніх часоў сыстэма міжнародных дачыненьняў грунтавалася на ўзаемаадносінах вялікіх дзяржаў. Шмат разоў рабіліся захады, каб дзеля захоўваньня балянсу сіл і інтарэсаў між імі ўвесьці іх канкурэнцыю ў пэўныя межы, стварыць нейкія правілы. Так зьявілася тое, што цяпер называецца міжнародным правам.

Але настаў час, калі ранейшы балянс сілаў паміж вялікімі дзяржавамі ці рэгіянальнымі аб’яднаньнямі (ЭЗ у якасьці прыкладу) зьмяніўся. Уся сыстэма міжнародных адносін разбалянсавался.

Беларускія і расейскія дзяржаўныя мэдыі называюць гэта пераходам да «шматпалярнага сьвету». У такія пэрыяды «сьвет, заснаваны на правілах» разбураецца, права сілы выходзіць на першы плян. Якраз гэты працэс мы цяпер і перажываем.

Стыў Уіткаф прагаварыў, паўтарыў расейскія наратывы. Уладзімір Пуцін і расейская прапаганда не хаваюць, што ня лічаць ня толькі постсавецкія дзяржавы, але і краіны Эўропы рэальнымі міжнароднымі суб’ектамі. Масква ня хоча нават слухаць пра тое, што менавіта самі краіны Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы, як цяпер Украіна, імкнуліся далучыцца да НАТО. Іх суб’ектнасьць, права самастойна ўступаць у тыя ці іншыя саюзы Крамлём катэгарычна не прымаецца.

Вайна Расеі супраць Украіны — гэта клясычная каляніяльная вайна імпэрыі за захаваньне кантролю над былымі калёніямі, то бок, постсавецкімі краінамі.

Прэтэнзіі РФ на расейскамоўныя рэгіёны Украіны цалкам выцякаюць з канцэпту «рускага сьвету». Паводле яго, усе, хто размаўляе на расейскай мове, зьяўляюцца прадстаўнікамі расейскай цывілізацыі, і Расея мае поўнае права абараняць іхнія інтарэсы. А працэсы ўкраінізацыі Масква аб’явіла «нацызмам».

Такая ідэалёгія, якая рэалізуецца Расеяй, пагражае ня толькі Ўкраіне. Украінскі ваенны аналітык Аляксей Капыцька з нагоды заявы Стыва Уіткафа піша:

«Недарэчнай балбатнёй на тэму рэгіянальных асаблівасьцей Украіны сёньня былі дэ-факта адрэзаныя і перададзеныя Расеі паўночныя і частка ўсходніх раёнаў Казахстана, Нарва ў Эстоніі, палова Латвіі, Беларусь, Малдова і рознае па дробязі».

То бок, такі падыход сапраўды закладвае міну пад стабільнасьць і бясьпеку на постсавецкай прасторы, а, магчыма, ня толькі ў гэтым рэгіёне.

Беларусь — у асноўным расейскамоўная краіна, дзе працэсы русіфікацыі і сьвядомага абмежаваньня на ўжываньне беларускай мовы сталі часткай дзяржаўнай палітыкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Гэтая палітыка асабліва ўзмацнілася пасьля 2020 году. Ідэалягема «рускага сьвету» стала навязвацца беларускаму грамадзтву амаль у якасьці дзяржаўнай ідэалёгіі.

Лукашэнка ўвесь час даводзіць, што «беларусы і расейцы — адзін народ», «мы — такія ж рускія, толькі са знакам якасьці», у нас «агульная Айчына ад Берасьця да Ўладзівастоку».

Дэманстрацыя ляяльнасьці, адданасьці Расеі павінна, паводле ягонай лёгікі, забясьпечыць стабільную эканамічную і палітычную падтрымку Беларусі з боку РФ. А таксама, павінна перадухіліць расейскую анэксію. Бо, маўляў, навошта ж нас захопліваць, далучаць да РФ, мы ж браты, у нас абсалютна прарасейская палітыка, мы ж ладзім інтэграцыю.

30 гадоў такая тактыка, палітычная лінія працуе. Беларусь разглядаецца Масквой як надзейны і адданы саюзьнік. І нават як узор, на які павінны арыентавацца іншыя постсавецкія дзяржавы, у прыватнасьці, Украіна.

Аднак вынікам такой палітыкі афіцыйнага Менску стала велізарная залежнасьць ад Расеі ва ўсіх сфэрах. І гэты працэс працягваецца, нарастае.

Фактычна незалежнасьць Беларусі грунтуецца на вельмі хісткай аснове. Разбураецца беларуская ідэнтычнасьць, краіна афіцыйна пазыцыянуе сябе як дадатак да Расеі, як частка «рускага сьвету». І цяпер сувэрэнітэт Беларусі захоўваецца шмат у чым дзякуючы «добрай волі» Масквы.

А калі пляны, намеры Крамля памяняюцца? Раптам Пуцін скажа: «Калі «беларусы і расейцы — адзін народ», у нас «агульная Айчына», вы размаўляеце на расейскай мове, то навошта вам асобная дзяржава?» І што зможа Лукашэнка запярэчыць?

І, дарэчы, тут па-іншаму, у новым ракурсе паўстае пытаньне пра беларускую мову.

Калі мова становіцца крытэрыем прыналежнасьці насельніцтва да той ці іншай дзяржавы, то і стаўленьне да яе варта разглядаць у адпаведным прачытаньні. Асабліва калі вялікія дзяржавы кшталту Расеі, ЗША пачнуць разглядаць праблему ў такім рэчышчы.

Мова як чыньнік, як інструмэнт абароны сувэрэнітэту ў ХХІ стагодзьдзі — такі нечаканы паварот, востры выклік, які паўстае перад незалежным грамадзтвам. Бо на дзяржаву ў гэтым пытаньні разьлічваць нельга.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)