«Такое надзвычай прымітыўнае ўспрыманьне тэмы сувэрэннасьці былых тэрыторый Расейскай імпэрыі — выразны сыгнал для беларусаў»

Публіцыст Сяргей Навумчык – пра новую заяву спецпасланьніка прэзыдэнта ЗША Стывена Уіткафа.

– Нью-Ёрскі дэвэлапер і па сумяшчальніцтву трампаўскі спэцпасланьнік Уіткаф, у якога аж вочы на лоб лезуць ад заманлівых камэрцыйных прапаноў Крамля, удакладніў зьмест сваіх размоў з Пуціным, – піша Навумчык. – Сярод іншага, ён сказаў, што Кіеў (на якогую думку) мог бы пагадзіцца аддаць рэгіёны, дзе людзі размаўляюць на расейскай мове.

Яшчэ летась Трамп выказаўся ў тым сэнсе, што тэма захопленых Крамлём тэрыторый не такая адназначная, бо насельніцтва там рускамоўнае. Але тады гэтаму не надалі асаблівай увагі, ці мала што можа сказаць Трамп, сёньня — адно, заўтра — другое, пасьлязаўтра — заявіць, што не казаў ні першага, ні другога.

Сяргей Навумчык

Але заява Ўіткафа выглядае сур’ёзна, бо мяркуючы па ўсім, ён не выдае нават ускосныя зьвесткі пра абсалютна закрытыя перамовы з Пуціным, не параіўшыся з Трампам ці, ва ўсякім разе, не адчуўшы падтрымку з ягонага боку.

Такое надзвычай прымітыўнае, я б сказаў нават вульгарнае ўспрыманьне тэмы сувэрэннасьці былых тэрыторый Расейскай імпэрыі (і яе рэінкарнацыі ў форме СССР) — яшчэ і выразны сыгнал для беларусаў.

І сыгнал вельмі трывожны. Асабліва для тых, хто ўсё яшчэ знаходзіцца ў нейкім (для мяне — невытлумачальным з пункту гледжаньня нават лёгікі) спадзяваньні на адміністрацыю Трампа менавіта ў кантэксьце захаваньня беларускай Незалежнасьці і нават бачыць у ёй, як цяпер модна казаць, «вакно магчымасьцяў».

Пры абгрунтаваньні Пуціным жаданьня пакінуць кантроль за Беларусьсю (ці нават анэксаваць яе) яму будзе дастаткова спаслацца на т.зв. рэфэрэндум 1995 году (які быў праведзены Лукашэнкам у інтарэсах Масквы).

Публіка, якая цяпер атабарылася ў Белым доме, ня будзе замарочвацца прававым аналізам таго антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму, ня кажучы ўжо — гісторыяй больш як двухсотгадовай акупацыі Беларусі з прымусовай русыфікацыяй ды няспынным фізычным зьнішчэньнем нацыянальнай эліты.

Мы, беларусы, мусім зразумець: да ўлады ў ЗША прыйшлі людзі, для якіх паняцьці нацыянальных каштоўнасьцяў, нацыянальнай гісторыі, нацыянальнай годнасьці — пусты гук.

Прычым я маю на ўвазе ня толькі фармальных гаспадароў Белага дому, але і тых, хто стаіць за імі — пакаленьне маладых мільярдэраў-тэхнакратаў, якія мараць пра новую форму дыктатуры («тэхнафашызм» — магчыма, ня самае дакладнае яе вызначэньне, але лепшага яшчэ не прыдумалі).

І пакуль гэтыя людзі знаходзяцца на чале самай магутнай краіны — беларусам сьвеціць не «вакно магчымасьцяў», а вузкае вакенца для пайкі ў камэры імпэрскай турмы.