Общество

Войніч: «Нам давядзецца навучыцца жыць поруч з тымі, хто чыніў рэпрэсіі»

Актывіст грамадзкай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Войніч правёў за кратамі амаль пяць гадоў. Радыё Свабода распытала былога вязьня пра ўмовы ўтрыманьня ў калёніі, турэмную мэдыцыну і першыя дні на волі.

Андрэй Войніч

Андрэй Войніч — даўні палітычны актывіст, ён уваходзіў яшчэ ў рух «Зубр», які прыпыніў сваё існаваньне на пачатку 2000-х. Яго затрымалі разам зь іншымі актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» у верасьні 2020 году. Андрэя абвінавацілі ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» і ў «навучаньні ці іншай падрыхтоўцы асобаў да масавых беспарадкаў». Вырак суду — 7 гадоў.

11 верасьня Андрэя разам яшчэ з 51 вязьнем пасьля перамоваў уладаў Беларусі з прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША перамясьцілі з калёніі да літоўскай мяжы. Цяпер ён асвойваецца ў Літве і займаецца дакумэнтамі.

— Уражвае колькасьць пазытыву, шчырага стаўленьня людзей вакол. Зьдзівіла тое, як рэзка перабудоўваецца жыцьцё. Там, у зьняволеньні, я не мог гуляць, а тут шмат гуляю па горадзе. Вось зараз ідзе дождж — і яму можна проста радавацца, дыхаць сьвежым паветрам, — расказвае Андрэй пра першыя ўражаньні.

Былы вязень кажа, што рэпрэсаваных за палітыку ў беларускіх вязьніцах нашмат больш, чым вядома шырокай грамадзкасьці. Толькі ў магілёўскай калёніі, дзе Андрэй адбываў пакараньне, іх каля дзьвюх соцень. Лік рэпрэсаваных, на думку суразмоўцы, можа ісьці на тысячы. За кратамі знаходзяцца таксама былыя сілавікі, якія ў 2020 годзе не падтрымалі ўладу.

— Гэта людзі, якія зьдзейсьнілі той ці іншы ўчынак. Звычайна яны хаваюць тое, што яны былыя сілавікі. Гэтыя людзі мелі сумленьне і перакананьні. Такія людзі — пад пільным наглядам сыстэмы, бо сыстэма лічыць, што яны здраднікі. Ёсьць і іншыя былыя сілавікі, якія сапраўды зьдзейсьнілі крымінальныя злачынствы. Напрыклад, быў участковы, які сядзеў па справе «чорных рыэлтараў», — прыводзіць прыклад суразмоўца.

«Самае складанае — псыхалягічная абстаноўка»

Асноўная складанасьць за кратамі — гэта пастаянны пільны кантроль адміністрацыі і яе памагатых, што стварае атмасфэру псыхалягічнага ціску, расказвае былы вязень.

— Безупынны псыхалягічны ціск з боку нацкаваных асуджаных, адкрытыя сэксоты, тыя, хто імкнецца такімі стаць. Такіх шмат. У мяне выпрацаваўся нейкі абаронны мэханізм, проста не зьвяртаў на іх увагу. Хоць нават сярод іх ёсьць прыстойныя людзі. Вельмі цяжка кантактаваць з малаадукаванымі людзьмі. Пакараньне — гэта ня сам тэрмін, а людзі вакол. Складаны сам рэжым дня, ты ўвесь час у трывозе, чакаеш увесь час нейкага падкопу, — зважае суразмоўца.

У зьняволеньні вязьням не даюць чытаць пэўных кніг, працягвае Андрэй. Напрыклад, кніг па псыхалёгіі, усіх кніг і падручнікаў, апроч школьнай праграмы, размоўнікаў, іншых падручнікаў замежных моваў.

— Гэта ўсё пачалося ўлетку 2022 году. Проста забралі такія кнігі і павыкідалі. Ну навошта людзям атрымоўваць адукацыю. У палітычных часьцей праводзяць вобшукі дзеля кніг. Ты можаш захоўваць толькі дзьве кнігі ў тумбачцы, калі ты палітычны актывіст, хоць закон дазваляе пяць, — прыгадвае былы вязень.

«Прыняў філязофію жыць адным днём»

Андрэй расказвае, што за кратамі дапамагае прынцып «жыць адным днём». Такая філязофія дазваляе «быць у моманце» і ня думаць пра тое, што будзе заўтра.

— Там ёсьць адэкватныя людзі, яны маральна падтрымліваюць. Зь некім жартуеш, з табой нехта жартуе. Гэта пытаньне — як дапамагчы сабе і іншым бавіць гэты час. У цябе на дзень 16 гадзінаў і ты ня ведаеш, куды іх падзець, — кажа Андрэй.

Андрэй па спэцыяльнасьці мэдык, мае сярэднюю мэдычную адукацыю, а ў зьняволеньне трапіў з шэрагам сур’ёзных праблемаў з уласным здароўем, таму пытаньне мэдыцыны ў калёніі для яго было вельмі актуальным.

Ён кажа, што ў зьняволеньні мэдыкі не могуць аказваць кваліфікаваную дапамогу праз стаўленьне да вязьняў і праз тое, як выбудавана гэтая сыстэма.

— Гэта месца, дзе сядзяць каля дзьвюх тысяч чалавек. І 99% зь іх сымулянты. Адпаведна, лекары ў кожным бачаць сымулянта. Людзі сапраўды хворыя часам ня могуць нармальна трапіць на прыём да лекара. Адна зь лекарак казала, што найперш яна міліцыянт, а пасьля ўжо лекар. І таксама важная прычына — недахоп у лекараў там кваліфікацыі ў шырокім сэнсе, — апісвае сытуацыю суразмоўца.

У выніку ў калёніі Андрэй проста атрымліваў рэцэпты на лекі, а не мэдычную дапамогу. З гэтым праблем не было.

«Былыя кáты спадзяюцца, што ім пашанцуе»

Андрэй Войніч заўважае: супрацоўнікі калёніяў і сілавікі добра ўсьведамляюць, што менавіта яны робяць, як ставяцца да людзей і што за гэта давядзецца некалі адказваць. Але ж яны спадзяюцца, што нейкім чынам гэтай адказнасьці пазьбегнуць, падкрэсьлівае былы вязень.

— Яны спадзяюцца, што адкзанасьць іх не закране. Гэта, па-мойму, інфантыльная дурнота. Яны цудоўна разумеюць, што будзе потым. Спадзяюцца або не дажыць, або што «пранясе», або хтосьці заплюшчыць вочы на гэта, — кажа суразмоўца.

Што да адказнасьці за рэпрэсіі, то яна можа быць толькі паводле закону, і ён мусіць быць справядлівы, лічыць Андрэй.

— Мы не павінны дапусьціць іхную памылку. Мы зьбіраемся будаваць вольнае, сумленнае, разьвітае, цывілізаванае дэмакратычнае грамадзтва, мы ў кожным разе павінны паводзіць сябе адпаведна. Бо так, нам хочацца — з уласнага, суб’ектыўнага пункту гледжаньня — вярнуць гэты боль. Аднак з пункту гледжаньня грамадзтва, з пункту гледжаньня разьвіцьця — як мы будзем глядзець у вочы сваім дзецям? Людзі могуць памыляцца. Нам давядзецца навучыцца жыць разам зь імі, — разважае былы вязень.

Суразмоўца дадае, што людзі з улады памылкова чакаюць нейкай страшнай помсты ад сваіх апанэнтаў. Адсюль працяг рэпрэсіяў, тактыка выцісканьня людзей за мяжу.

— Яны чамусьці думаюць, што мы там сядзім, скрыгочам зубамі і плянуем, як будзем іх забіваць. Не, гэтага не адбываецца. Псыхічна здаровыя і культурныя людзі ніколі ня будуць траціць свой час на такія разважаньні. Служкі рэжыму думаюць, што мы выйдзем і будзем нешта рабіць зь імі. Гэта памылка. Аднак хто хоча дзейнічаць — той знойдзе спосаб, — гаворыць Андрэй.

«Перамены могуць адбыцца празь нейкі адзін фактар»

Што да магчымых пераменаў у Беларусі, то Андрэй мяркуе, што яны могуць адбыцца імкліва і нечакана.

— Наша мэта засталася ранейшай — свабодная эўрапейская Беларусь. Сытуацыя шмат у чым зьмянілася , мы ўсе — беларусы, якія хочуць зьменаў, — сталі мацнейшыя, нас стала нашмат больш. Мы гэта бачылі ў 2020 годзе, мы гэта бачым зараз. Тысячы людзей прайшлі праз выпрабаваньні турмой, праз катаваньні, вытрымалі іх і сталі мацнейшымі. Мы сталі мацнейшымі. Дыктатар баіцца ўсіх палітвязьняў, баіцца Міколы Статкевіча, баіцца ўсяго. Гэта ж відавочна. Усё будзе добра! — гаворыць былы вязень.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», цяпер у Беларусі за кратамі знаходзяцца 1184 палітзьняволеных. Асуджаных за палітыку пры гэтым можа быць болей. Праваабарончая ініцыятыва dissidentby падае лічбу 1318 палітзьняволеных.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)