«Зь ліставаньня, нават якое прайшло цэнзуру, і з почырку можна шмат чаго зразумець»

Радыё Свабода пагутарыла з Алесяй Рак, жонкай вызваленага нядаўна журналіста Андрэя Кузнечыка, пра тры гады чакання мужа і бацькі, стрэс у дзяцей, узаемадапамогу беларусаў і пачатак жыцця наноў у іншай краіне. Выбралі самыя цікавыя моманты з размовы.

…Вечар 25 лістапада 2021 года, жонка экс-палітзняволенага журналіста Алеся Рак помніць выразна:

— Мне загадалі ісьці ў іншы пакой і займацца дзецьмі, не перашкаджаць. Ператрус быў даволі «інтэлігентны» — забралі ўсю тэхніку і тэлефон Андрэя, мой мабільны тэлефон, пляншэт, грошы.

Зразумела, у мяне быў шок, але не было ніякіх гістэрык. Я разумела, што яго забяруць, і зьбірала цёплыя рэчы, якіх у выніку ён ня ўзяў.

«Нават не запомніла, колькі гадоў далі: 6, 8 — гэта штосьці нерэальнае»

Першы месяц пасля затрымання, згадвае жонка Андрэя Кузнечыка, з ім наогул не было сувязі. Гэта потым яна дазналася, што журналісту некалькі раз запар давалі па 10 сутак адміністрацыйнага арышту, нібыта за хуліганства, і што ён спаў у адной майцы на голай падлозе. А тады Алесі давялося ўзяць на сябе ўсе побытавыя клопаты і абавязкі і мамы, і таты для дзяцей:

— У Мацьвея, якому не было і двух гадоў, вельмі зьбіўся рэжым харчаваньня, ён перайшоў на не зусім здаровую ежу, бо мама была ў сваіх клопатах і эмоцыях. Ён скарыстаўся момантам, што я занятая, перайшоў на цукеркі і салодкае. За гэтым трэба пільна сачыць, бо потым давядзецца разграбаць наступствы.

Потым «Радыё Свабода” прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем”, і стала зразумела, што для журналіста адлік зняволення ідзе не на месяцы, а на гады: на закрытым працэсе прагучаў прысуд, 6 год калоніі.

— Напярэдадні Новага году нарэшце наступіла такая «стабільнасьць па-беларуску». Мы ведалі, што Андрэй на «Валадарцы», крыху выдыхнулі. Перад сьвятам прыйшоў першы ліст і паштоўка зь вершыкам дзецям. Можна было перадаць яму ежу і вопратку, — згадвае Алеся. У адказ Андрэй пісаў дзецям вершаваныя паштоўкі, а ёй нават нейкім цудам перадаваў кветкі.

— Стрэсу, шоку з нагоды лічбы ў 6 гадоў не было. Я нават не запомніла, колькі гадоў далі: 6, 8 — гэта штосьці нерэальнае. Насілі перадачы ў адно месца, цяпер будзем вазіць у іншае.

«Старалася дасылаць максымум фатаграфій дзяцей, каб ён бачыў, як яны растуць”

— Кожны дзень я гартала школьны чат, дзетсадаўскі чат і чат калёніі, дзе сабраліся родзічы зняволеных. Часьцяком ад гэтага чату калёніі больш за ўсё пазытыву і прыемнасьцяў! Няшчасьце аб’ядноўвае, хутка атрымліваеш адказы на ўсе пытаньні, — дзеліцца Алеся Рак.

Яна дадае, што сям’і Кузьнечыкаў пашчасьціла — ліставаньне адбывалася нармальна. Кожны тыдзень і Алеся, і мама Андрэя атрымлівалі ад яго лісты.

— Я старалася дасылаць Андрэю максымум фатаграфій дзяцей, каб ён бачыў, як яны растуць... Лічу, што візуал — важная крыніца інфармацыі, мо нават больш важная, чым тэксты. А наогул зь ліставаньня, нават якое прайшло цэнзуру, і з почырку можна шмат чаго зразумець. Я не ўяўляю, што адчуваюць сваякі, блізкія якіх знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада

Самі ж дзеці, дадае жанчына, на першым доўгатэрміновым (24 гадзіны — С.) спатканні з татам ледзь пазналі яго, схуднелага і стрыжанага. Усяго такіх спатканняў было тры, і кожны раз гісторыя паўтаралася — цяпер, ужо ў бяспецы, Андрэй «знаёміцца з сынам у чацьвёрты раз”.

«Мы, гледачы, паспачувалі нашым хлопцам — куды ідуць бюджэтныя грошы!”

— Паступова мы з дачушкай Янкай перасталі плакаць па тату кожны дзень, прынялі новую рэальнасьць і ўжо не было нагоды для сур’ёзнай дэпрэсіі. Што яшчэ не давала мне ўдавацца ў эмоцыі? Я заўсёды штосьці вучу. Можа, не заўсёды тое, што спатрэбіцца, што прыдасца. Вось замест таго, каб вучыць мову ангельскую (якая мне спатрэбілася б у чужой краіне) — я вучыла фатаграфію, вывучала моду, візуал. Кніжкіі адны і тыя ж мы з Андрэем чыталі сынхронна і абмяркоўвалі ў лістах.

Год таму да сям’і Андрэя Кузнечыка прыйшлі супрацоўнікі КДБ, прапанавалі «праехаць зь імі» (тады якраз ладзіліся рэйды па сваяках палітвязьняў). Да ночы Алеся прабыла ў пастарунку, аднак у яе тэлефоне не знайшлі замоваў і дапамогі ад ініцыятывы «I need help», таму беларуску ўрэшце адпусцілі.

«Кіно на АНТ» стала сюрпрызам для мяне. Натуральна, мы яго глядзелі. Мне было прыемна пабачыць Андрэя, бо спатканьняў не было зь вясны мінулага году. Мне здалося, што ён яшчэ больш схуднеў, пастарэў. Ня ведаю, што за «кадры» на беларускіх тэлеканалах працуюць. Мы, гледачы, паспачувалі нашым хлопцам — куды ідуць бюджэтныя грошы!

А праз тры тыдні пасля выхаду прапагандысцкага фільму Алесі патэлефанавалі і сказалі, што ў яе ёсьць два дні на зборы, каб выехаць з краіны. Дарога да Вільні была лёгкая, кажа жанчына. Аднак дачка Янка была вельмі напружаная, маўляў, тата ня вернецца, яе зноў падмануць. А 12 лютага дыпламаты прывезлі ў Вільню Андрэя Кузьнечыка — і праз 3 гады і 3 месяцы сям’я ўз’ядналася зноў.

Алеся кажа, што ўдзячная ўсім беларусам, хто падтрымліваў яе цягам гэтых год:

— Мая сястра, брат, Андрэевы і мае сябры і іншыя добрыя людзі, зь якімі мы пазнаёміліся за гэты час, дапамагалі нам самымі разнастайнымі спосабамі, пра якія я ня буду шмат расказваць, бо добрыя справы небясьпечныя ў нашай краіне. Кожнае слова падтрымкі ў цяжкі час было вельмі каштоўнае для нас.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)