Журналісты «Салідарнасці» ўзялі дзве ўзнагароды на конкурсе Green Awards Belarus
Конкурс на лепшы медыякантэнт на экалагічную тэматыку ладзіцца ўпершыню.
«Зялёная сетка» агучыла прызёраў конкурса Green Awards Belarus. Такім чынам, падкрэсліваюць арганізатары, таварыства беларускіх эколагаў адзначае і падтрымлівае журналістаў і блогераў, якія дапамагаюць грамадству ўсвядоміць важнасць устойлівай будучыні, робяць праблемы навакольнага асяроддзя бачнымі і натхняюць людзей на дзеянні.
Журналісты «Салідарнасці» ўзялі адразу дзве ўзнагароды. Артыкул «Да 2020 года мільёны долараў выдаткоўваліся на беларускую прыроду. Цяпер усе гэтыя праекты зачыненыя» трапіў у Топ-5 «Лепшая аналітыка пра экалогію».
А ў намінацыі «Лепшы відэа-кантэнт на тэму экалогіі» адным з пераможцаў стаў наш ролік у Tik-Tok:
— Вельмі ўдзячная тым журналістам і іх рэдакцыям, якія ў наш час хуткіх інфармацыйных плыняў, забітых надзвычай важнымі палітычнымі тэмамі, звяртаюць увагу на тэму экалогіі і абароны правоў беларусаў на здаровае навакольнае асяроддзе. Якія не абмяжоўваюцца канстатацыяй факту той ці іншай экалагічнай праблемы ці нават катастрофы, а спрабуюць прааналізаваць, што сталася прычынаю гэтай праблемы, і што можна зрабіць, каб у будучым яе пазбегнуць, — адзначыла сябра журы, рэдактарка «Зялёнага Партала» Яніна Мельнікава.
Читайте еще
Избранное